1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17

Калядная рапсодыя

Ён быў мужны чалавек і таму, разумеючы, што позна , вырашыў зрабіць хаця б нешта з таго, дзеля чаго ён быў створаны. І гэтаму нязначнаму “нешта” ён аддаў з таго дня ўвесь свой вольны час і ўсю без астачы сваю душу. Пешшу, на спадарожных машынах, на прыпяцкіх параходах, набітых стракатай гурмой, хатулямі, дыхтавымі валізкамі і спявучай гаворкай – ён абхадзіў, аб’ездзіў, скалясіў Піншчыну, Століншчыну, Пружаншчыну, Мазыршчыну, Слонімшчыну. Ад запісаў сшыткі рабіліся пульхныя. Многія дзесяткі сшыткаў.Вынікам усяго гэтага, усіх гэтых бясконцых, утомных і блаславёных вандраванняў былі том народных песень, кніжачка песень дзіцячых і дзесяткі паўтара песень сваіх. На большае – ён з болем адчуваў гэта – яго не ставала. Песні – і толькі.Песні спявалі, песні ягоныя хвалілі нават “мэтры” ад музыкі – не без ценю паблажлівасці, – і адзін ён ведаў, колькі такіх вось песень, напетых ім недзе ў кампаніі, за келіхам віна, рабілася потым у тых жа “мэтраў” скразной тэмай сімфоніі, арыяй, часткай грымучай араторыі на адцягненую, чужую тэму, тым, за што аўтараў пасля хвалілі: ”глядзіце вы, сапраўды народна і як жа арыгінальна!” А песня была сапсутая надуманай, ненатуральнай і непатрэбнай апрацоўкай. “Самадзейны кампазітар”. Што ж, бывае і горай. Што ж, няхай ён паслужыць беларускаму люду і песні беларускай хаця б у такім спосабе.…Нешта падобнае ён і сказаў тады суседцы за сталом.– Ну, а чаго б вы хацелі?– Кінуць працу. Я някепскі інжынер, мяне, думаю, паважаюць. Але я хацеў бы кінуць гэта і ўвесь век хадзіць, запісваць, пісаць свае песні, калі ўжо на іншае ў мяне слабая кішка.Сябар, відаць, чуў іхнюю размову, таму што засмяяўся.– Ну, браце, гэта ты кінь. На тое, чым ты марыш заняцца, не пражывеш.– Ведаю, – сказаў ён.Пасля паўзы Марына ціха спытала:– І вывад які?– Жыццё не задалося, – проста сказаў ён.Толькі тут яна зірнула на яго з нейкай глыбокай пільнай уважлівасцю, цікаўнасцю, магчыма, нават з доляй спачування і разумення. І хаця яны былі на падпітку, усё ж яны былі цверазейшыя за астатніх, бо кожны думаў аб нечым сваім, незагаданым, што не споўнілася. Таму, калі нехта з гасцей, па загадзя зададзенай праграме, пачаў жаваць сена, яны пераглянуліся і непрыкметна выслізнулі з хаты на вуліцу. Яму былі непрыемныя яе настойлівая рэзкасць, сварлівасць, вечнае жаданне адказаць уколам у адказ на працягнутую руку, але ўсё адно лепей было быць з ёю, чым у гэтай кампаніі. Таму лепей, што ў пэўнае імгненне яна глянула на яго спагадліва.Акрамя таго, ён яшчэ не адышоў ад пакутных падзей, якія здарыліся з ім за год да таго. Яму было дужа цяжка……Ляціць цягнік. Прысмерак і бязлюддзе. Выходзіць на ганак старога, калісьці, відаць, фальварковага – бо з драўлянымі калонамі – дома, моцна заняпалага, стары ў “бурцы” з таўсценнага, у палец, чорнага сукна. “Не, не, не трэба думаць. Не трэба думаць аб тым, чаму было цяжка. Трэба думаць аб той, да каго едзе”.Ён разгарнуў кнігу:“Вообще вся сия местность замечательна по первобытности жителей и по дикости природы”.Прырода за акном сапраўды была дзікая. Лес і лес. І раптам выбухнулі ў паветра, пачалі бегчы, з громам, па дузе, хілячыся лявей і лявей, удалячынь, сталёвыя мачты. Пацягнулася, папаўзла некуды таўшчэзная змяя нафтапровада.Было тады дужа цяжка… Не, не трэба ўспамінаць… І ўсё ж, як яно тады было з Аленай?Які быў дзікі лес вакол Ласевічаў. Дзікі і іскрысты, белы-белы і аж блакітны ў сінія цені, хрусткі. А крыху раней – барвяны, бо ўзыходзіла ненатуральна вялікае марознае сонца.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17