1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17

Калядная рапсодыя

Было якраз перад калядамі. На вяселлі малодшай Любоўчыцавай, Надзеі. І узыходзіла, як ужо тысячы разоў над гэтай зямлёй, марознае каляднае сонца. Асвятляла вёску, нерухомыя слупы дымоў над комінамі, заглядвала ў вокны хат і тут адразу рабілася цёплым, жывым і прытульным. Ён сек дровы, каб Любоўчыцам хапіла паліва на ўсё вяселле. Сек, з асалодай адчуваючы мароз, сваю гарачую ад марозу і працы кроў і тое, як са звонам развальваюцца сасновыя калоды. Роўна-роўна. З акуратнымі падоўжнымі жылачкамі-баразёнкамі на расколіне. Пагабляваць крышку, і хоць ты скрыпку рабі.

Ён насек цэлую гару і заскочыў у хату пакласці сякеру. У хаце бабы і дзеўкі ладзілі вясельны каравай, вялізны, з кола ад воза, белы і аж чырвоны зверху, дзе падпякло. Прыкрашалі яго кветкамі, стужкамі, залатой каніцеллю і васковымі “слёзкамі маці божай”. Каравай атрымаўся – дзіва прыгажосці. Ялінка, а не каравай. Бабы і двое дзяўчат былі ў клятчастых, з разрэзам, андараках, у вышываных сарочках, на якіх белага было менш, чым чырвонага, сіняга, зялёнага, жоўтага. А за спінамі жанчын быў ложак з бялюткай шытай покрыўкай, горы расшытых падушак, стракатая, як вясёлка, посцілка на сцяне. Адны рукі ўпрыгожвалі, другія абкладалі каравай яйкамі, маслам і сырам. А галасы вялі:

І свеціць месяц

На дварэ,

Каравай месяць

На стале.

Каравай цвіцець

На стале.

Прыступі, божа, з раю,

І прыступі, божа, з раю,

К нашаму караваю.

І, ой, у садзе ды вецце вісіць,

Сам бог каравай месіць,

І ангелы прыступаюць,

Караваю памагаюць.Яму паднеслі пагрэцца. Ён выпіў халодную, з сенцаў, гарэлку і закусіў, з храбусценнем, ледзяным крамяным агурком, з асалодай адчуваючы сваё здароўе, і мароз, і тое, як гэты мароз з яго выходзіць і як пахне агурок часнаком і кропам.Ён, відаць, быў нават на выгляд вельмі здаровы і шчаслівы, таму што адна з каравайшчыц, здаравенная, грудастая, прыгожая маладзіца, пры адным позірку на якую чамусьці прыходзіла на розум гумно, белыя ногі на саломе, а пасля дзесяць дзяцей і хата, што аж рыпіць ад чысціні, скосу, хітравата паглядзела на Міколу гожымі, як у каровы, вачамі і завяла, ні з пушчы ні з поля, песню, што спяваюць, калі месяць каравай:

Ой, упала я ў дзела,

Цела маё запацела,

Дый цела маё запацела,

Гарэліцы захацела.

Э-гей, гарэлачкі зап’янюсенькай.

Дый для мяне маладзюсенькай.Ён прыняў выклік, узяў за шыю запацелую бутэльку і рушыў да маладзіцы. Наліў, працягнуў стопку:

Ой-гей, ды ты, гарэлачка, зап’янюсенька,

Завязала свет маладзюсенькай.І тут убачыў, што за спінамі баб сядзіць на зэдліку і вяжа кветкі ў гожыя пучкі-букеты нешта такое, чаго ён ніколі не бачыў і што адразу ўразіла і ашаломіла яго, як раптоўны дар. Нешта ў сіняй сукенцы і карункавай белай кофце, нешта залатавалосае, сінявокае, нешта найбольш як васемнаццаці год.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17