1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17

Калядная рапсодыя

Божа мой, што гэта за нешта было! Глядзела на яго сінё і празрыста і ўсміхалася ружовым прыпухлым роцікам. З відавочным падкусам, але адначасова і з адценнем заахвочвання. А стан! А ногі!– Выпі і ты, – сказаў ён.– Не хачу, каб завязала свет маладзюсенькай, – усміхнулася яна.Бачыла, да канца разумела, што ён як раптоўна аглушаны, што яго зараз, тут жа, у першую хвіліну, можна браць за руку і весці хоць у апраметную, гэтага гожага бамбізу, і гэта падабалася ёй; нечаканая, за імгненне непрадбачаная ўлада над ім.– Ты хто? – голасам, які сеў, спытаў ён. – Адкуль?– А ты хто? А ты адкуль?– Я з гэтай вёскі.– І я з гэтай вёскі.– Я не бачыў цябе. Ніколі.– І я не бачыла цябе. Ніколі.– Інжынер ён, – умяшалася маладзіца. – З мінулай зімы не быў. Нібы тут працы мала, а хлопцаў – па дзіркі ў носе.– Глядзі ты… інжынер… А цягне, як прахвесар.– Выпі, – спрабаваў ён падвысіць голас, бо прывык да таго, што дзяўчаты яго слухаюцца, што яму лёгка вядзецца з імі.– А ты што за падмаршалак такі?Страшэнным, гаротным успамінам уставала пазней у яго вушах гэтае слова “падмаршалак”. Нібы ўсё адразу і яшчэ загадзя было кімсьці бязлітасна наканавана. Бязлітасна і назаўсёды.– Ты, падмаршалак, што, сур’ёзна думаеш, што як загадаеш, каб у мяне хвост вырас, то й вырасце?– А і вырасце, – сказала маладзіца. – А не вырасце, то ён сам табе замест хваста будзе.Сказана было занадта рэзка. Усе сціхнулі. Не звяртаючы ўвагі на жарт, Мікола сказаў, ужо спакойна:– Выпі. Вусны памачы, ну.– Ды выпі, выпі, – загулі бабы. – Бач, хлопец дабром просіць. Што ты, дзеўка, натурышся? Клейнот які, цаны яму няма.Дзяўчына ўзяла чарку, сапраўды, памачыла вусны, зрабіўшы мале-енечкі глыток. Ён узяў стопку і перахіліў яе з таго самага месца, дзе краналася вуснамі краёчка яна. Гэта было зроблена такімі дакладнымі рухамі, так па-заліхвацку, з такім падкрэсленым значэннем, што бабы ахнулі:– Бач, зух, бач, хват!А ён адышоў да дзвярэй і спытаў у Петры, брата Надзеі:– Хто такая?– Алена… Наваграй прозвішча.– Не з тых Наваграяў, што з Дуброўнага канца?– Дык Грыцука ж сваякі. Яшчэ перад вайной на Гродзеншчыну з’ехалі. А цяпер, на старасць гледзячы, вярнуліся вось на радзіму мінулай вясной. Хата Грыцукова ўпусце буцвець пачала, то перасыпалі ды занялі. “Дык вось адкуль такі не тутэйшы, дзіўны акцэнт,” – падумаў ён, і яшчэ раз агледзеў усю кампанію кабет, каравай, цёмны кут, дзе сядзела яна, вырваную святлом з паўцемры залатую галаву, смуглява-аранжавую ад таго ж святла скуру аблічча, і з раптоўным вясёлым адчаем сказаў сабе : “Божа ты мой, прапаў!”І, каб хаця крыху абмысліць гэты новы, амаль страшны і нічым не падобны на ранейшыя яго прыгоды стан, выйшаў у сенцы. А наўздагон яму ляцела:

Ой, красная каліна над рэчкай,

А красней таго Нaдзейка ў мамкі.Стаяў у халодных сенцах не ў змозе сабраць думкі. А з хаты гучала прыглушана:

А ў сені ўвайшла – сені заззялі,

А ў хату ўвайшла – паны ўставалі,

Паны ўставалі – шапкі здымалі.Ой, цару нябесны, гэтыя песні! Так і гучаць, і гучаць у вушах, настырна, як у ціхай хаце пасля вяселля, калі на падпітку не можаш заснуць. І як холадна гаворыць пра гэта старая кніга: “Музыкальность составляет выдающуюся черту в характере полешука”. Гэта пра песні, якімі ён так пякельна, пакутліва шчаслівы.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17