1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17

Калядная рапсодыя

Як самай каханай жанчынай у хвіліну блізкасці. Як Аленай калісь.“Гэх, саскочыць бы зараз ды паехаць. Плюнуць на ўсё. Зваліцца ў санкі, на сена і… Каляды… Сонцаварот… Сонца на лета – зіма на мароз. І хутка будзе абуджэнне, і сонца будзе вышэй, а на сэрцы цяплей, і аджывуць нівы і душа, якая ўжо столькі часу нібы спіць… Паехаць. І прападзі яно ўсё пропадам разам з той, што й на печы ніколі не сядзела ”.Дарога праз зімовы лес. У небе вясёлкавыя па краях, рэдкія хмаркі. Залатая поўня то нырае ў іх, то зноў вызвалена вырываецца на волю, плаўна плыве ў глыбокай сіні начнога неба. І ад яе пушча то змрочна пахмурнее і цішыцца, а то ўспыхвае іскрыстым блакітам, і заснежаныя яліны робяцца аж празрыстыя. Нібыта ў блакітных шатрах разгараюцца, мігацяць сінія агні.Заснежаныя бярозкі дугамі над дарогай: дзесяткі сіне-срэбных арак. Ударыш пугаўём, і пасыплецца, пасыплецца сухі, як порах, снег, і дрэўца, хістаючыся ўсё болей і болей, неахвотна ўстане на ногі, усё яшчэ крыху хіляючыся на шлях.І вось прыемна, пасля марозу, прыпякае праз посцілку добры чарэнь печкі. Водбліскі агню скачуць па вязках цыбулі на сцяне, па вокнах, і ўжо клякоча па патэльні свяжына, а на печ, каб грэўся далей, падаюць чарку.…Жанчыны ля кроснаў спяваюць: апошняя кросенная песня гэтага года, бо потым аж тыдзень ткаць будзе нельга. Ах, як добра ляжаць, выцягнуўшы ногі, і ведаць, што цяпер з месяц зусім мала працы, што наперадзе аж цэлыя тры куцці. І сёмага студзеня, і трынаццатага, пад стары Новы год, і ў ноч на дзевятнаццатае. Дваццаць тры стравы, а то й болей. Адной рыбы адзінаццаць гатункаў. Тут табе і ліны, і ўюны, і смажаны ў смятане карась… А квас, які так смачна паруе грыбамі. Як успамінак аб леце. Аж да кашы з мёдам.Язык каўтнеш. “Сена на стале пад абрусам. Паказаць бы гэта ў натуры на экране. Стол ломіцца. Ядуць так, што ўсе гледачы сарваліся б з месцаў і пабеглі б з кіназалы ў буфет…”…Усё цямнее і цямнее. Снягі з бэзавых сталі сінія. Вагон калоціць на стыках.Нябожчык бацька ставіць на стол сноп, сядае і, з-за яго, пытае ў маці:– А ці бачыш ты мяне, ці бачыш?– Сконд жа? Не бачу.– Ну, то каб жа аж ты два месяцы свету не бачыла за морквай чырвонай, за бобам зялёным, за крамянымі гуркамі, за пузатымі гарбузамі.– А ты мяне ці бачыш?– Не-а. – Ну, то й ты каб не бачыў свету ва ўвесь канец лета за стагамі духмянымі, за копамі цяжкімі, за снапамі – не абняць, за вазамі, што аж крэкчуць і рыпяць.А тады, калі яны ўцяклі з гэтых ідыёцкіх гарадскіх каляд, як жа ўспаміналіся яму тыя, вясковыя! Успаміналіся з радасным заміраннем сэрца і адначасова з сухой нянавісцю, бо ўсё было скончана, бо яму адрэзалі вяртанне да ўсяго гэтага, бо ў сэрцы была пустэча. Бо і сена пад абрусам, і сноп на стале – усё гэта было ўжо яна: абраза, рэўнасць, нянавісць, абыякавасць.А побач была жанчына, якая, прынамсі, не прыкідвалася добрай, ласкавай і прынаднай. І ён ішоў за ёю заснежанным бульварам, глядзеў на выразны профіль, на заінелую пасмачку валасоў, што выбілася з-пад футравай шапкі, а потым з палёгкаю пераводзіў вочы на вокны дамоў, дзе рознакаляровымі агеньчыкамі таямніча свяціліся ёлкі, дзе мільгалі вясёлкавыя цені людзей.Кампанія ідзе насустрач. Рагоча. Злёгку “на парах”. Спяваюць песні. У Ласевічах гэтая кампанія “вадзіла б казу”. Прыгожа. Але абрад “казы” гэта таксама Алена, гожая, як ніхто, ненавідная і незабыўная.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17