1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17

Калядная рапсодыя

…Снягі занеслі ўсё. Няярка свеціць чырвонае марознае сонца. Валіць сярэдзінай вуліцы гурма, ды не, цэлая працэсія. Наперадзе “каза” ў вывернутым кажусе. Драўляная морда ляпае ніжняй сківіцай, рогі з саломы, барада з мачалы, хвост з трапанага лёну.

Го-го-го, каза, го-го-го, шэрая!“Воўк” у вывернутым кажусе кідаецца на “казу”, і яго б’юць снежкамі. Усе даўно забылі, што каза – дух нівы і плоднасці, як і ў старажытных грэкаў.

Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць,

Дзе каза хвастом, там жыта кустом,

Дзе каза рогам, там жыта стогам.Але вось усё ж бароняць яе, качаюць ваўка, і хмараю ўзлятае ў паветра сыпкі іскрысты снег.“Сонцаварот. Павярнула, здаецца, не туды. Не на сонца, а на мароз… Як жа гэта я яе ўпершыню абняў. Напаўжартам. Здаецца, там, на задварках, калі яны ішлі да каляднікаў. У сіняй цемры рухалася наводдаль чырвоная кропля зоркі. Слаба, але віскліва даляталі адтуль галасы:

Калядка хадзіла пяшком-пяшком,

Каўбасу насіла мяшком-мяшком.“Шчасце маё – шчасце п’янага на кірмашы”.…Ячная куцця. Куцця “свентага козліка”. Калі ён, малы, спытаў тады, чаму гэта так, яму адказала ягоная стогадовая бабуля:– Бо ён рожкамі, рожкамі кідаў на малога ў яслях сена, каб дзіцятка не змерзла.Якія ў яе былі страшныя, амаль нерухомыя рукі! Твар, як з сасновай кары. І якія ясныя, усё яшчэ сінія, але ўжо далёкія ад усяго вакол вочы, што глядзелі ўжо нават не ва ўспаміны, а ў тое, што скора мелася адбыцца з ёй, а некалі і з усімі, каго бачыла яна на вяку.Няўжо і з Марынай… І з ім… І з Аленай?…А тады ж, калі ён абняў яе і раптам адчуў тугую пад кажушком спіну, бліскучыя ў цемры вочы, цёмныя ў змроку кветкі хусты, калі адчуў усё яе моцнае цела, як жа моцна яго пранізала, працяла адчуванне яе і сваёй вечнасці!Можа, гэта і было – праўда?Яна тады адштурхнула яго. Са смехам:– Ты што, падмаршалачак, рукі распусціў? Глядзі, адсохнуць.– Затое не змерзнуць. На гарачым.– Ой, глядзі. Спаймае цябе Астап Васілеўчык на гарачым. Будзе табе горача.– Дамо і яму рады. Гарачай. Што я, горшы за яго?– Ды не горшы. Толькі Астап спачатку многа практыкаваўся. Дрэвы ды пні абдымаў.…Так, Астап. Супернік, ён ужо чуў пра гэта. Рудаваты здаравень з грубаватым вясёлым абліччам. Скалячы гожыя зубы, кожную дзеўку зачэпіць, закруціць ваўчком нават не ў клубе, а на вуліцы. Былі сябрамі, і вось – нa табе”.

Яна тады вырвалася і пабегла на рухомую чырвоную зорку, топчучы нагамі густа-сіні снег. Ён глядзеў ёй наўздагон. І раптам засмяяўся ад шчасця.“Вось спускаецца на Палессе ноч. Мільгаюць на залатым чорныя сілуэты ялін і дзіўныя, расторганыя ў розныя бакі сілуэты хвояў: як ведзьмы на тычках”.Цягнік ляцеў, і гэтыя ведзьмы круціліся ў шалёным кругавароце.Гонкі! Бог ты мой, гонкі! У снежных віхурах, у звоне бразготак, што аж захлынаюцца ад захаплення.

Як быў я конь у ліхога пана,

Настаяўся я пад сметнічкам,

Наеўся я саломкі,

Напіўся я балотнай вады.Побач скачуць вярхі ў масках і вывернутых кажухах. І лятуць у калматых снежкі.Задзёртыя конскія храпы з ашалелымі вачамі. Ногі шырока мераюць снегавую парчу. Сонца, рыжыя кажухі, чорныя хусткі з чырвонымі і сінімі кветкамі, перавітымі зялёнай лістотай.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17