1 2 3 4 5 6

Карней-мышыная смерць

– І не сорамна табе, Карней, людзей дурыць? Я ж ведаю, што ты будзеш рабіць, ведаю нават, што сам ты ў свае замовы не верыш.Вочы пацукалова апусціліся.– Што вы, гаспадар, замовы – рэч карысная. І я, калі буду адзін, яшчэ мацней прачытаю.– Не дуры, кажу, – пераканальна сказаў бацька. – Ты проста ў пацуковыя дзіркі касталом-травы напхаеш.– Якой травы? – разгубіўся чалавек.– А той, што ў нас яшчэ сабачнікам завуць, кветкі такія ў яе... цёмна-барвяныя, а лісты як шэрым лямцам абцягнутыя. На засмечаных пустках ля дарог і па ўзгорках расце. Мяккая такая, пушыстая.І тут пацукалоў часта залыпаў вачыма.– Пашкадуйце мяне, не выдавайце беднага чалавека... Усе самі... пачнуць. Што я тады есці буду?!.Бацька, які чула ставіўся да чалавечага гора, замахаў рукой:– Што ты, Карней, вядома не скажу. Жыві сабе... Хіба я што...Фарба з’явілася на твары пацукалова. – Хай вас благаславіць бог.Да гэтага не хапала яшчэ звароту “гаспадар”.А бацька пасля паказаў мне гэтую расліну з ланцэтападобнымі пушыстымі лісцямі і мяцельчатай верхавінай сцябла.– Cinoglossum officinale. Я чуў і раней, што гэта моцны рацыфіцыд. А ты кажаш “таямніцы”, “мармытанне”. Эх ты!Пацукалоў, аднак, з таго часу паглядаў на бацьку заўсёды са страхам.Так ён і хадзіў па нашым ціхім гарадку: непрыкметны, непрыстасаваны да жыцця чалавечак, жорсткі вораг пацукоў, які, аднак, не мог бы пакрыўдзіць і мухі.У маленькіх гарадках, напэўна, да другога прышэсця будуць вадзіцца плёткі. Адна такая плётка звязвала пацукалова з імем удавы Стучэўскай, што жыла наводшыбе, ля Старых Валоў, і з яе сынам, высокім, худзенькім юнаком.Ці была тут праўда? Я думаю, не, хоць хлопчык меў, як казалі вулічныя “бабы багамерзкія”, нейкае падабенства з Карнеем. Рэдка бывае так, каб з плётак атрымлівалася што-небудзь вартае. Гэты выпадак быў шчаслівым выключэннем. Балaчкі баб ля студні дайшлі да вушэй клятчастага чалавека, і той стаў наглядаць на хлопца з пяшчотай, якая ўсё ўзрастала. Такія чуткі, што ні кажы, прыемная рэч для самотнага мужчыны, у якога не за гарамі старасць і якому прафесія прынесла незайздросную славу дзівака.Хлопец якраз скончыў школу. Жыццё ў хаце ўдавы было не такое і лёгкае. Усе думалі, што Янку Стучэўскаму давядзецца працаваць. Але тут здарылася нечаканае: хлопец паступіў у інстытут, а пацукалоў пасяліўся ва ўдавы. Як выявілася пазней, пацукалоў некалькі дзён хадзіў паўз яе вялікую запушчаную хату з зарослым садам, пры сустрэчах намагаўся нешта сказаць і нарэшце з’явіўся да гаспадыні ўвечары і са звычайнай сваёй прыдуркавата-хітрай усмешкай сказаў:– Прабачце мне за тое, што я скажу. Але, мне здаецца, хлопчык павінен вучыцца. У яго светлая галоўка. Вы ведаеце, ходзяць плёткі, у якія я, вядома, ні сном ні духам не вінен. Жанчыны – гэта глупства, прабачце. Але рота людзям не замажаш. І я неяк палюбіў хлопца. Няхай здае экзамены, мне хочацца, каб ён быў інжынерам... Стыпендыя ж, кажуць, невялікая, дык няхай ён вучыцца і клопату не мае. Вы пытаеце, чаму я так хачу? Эх, пані, у мяне не было дзяцей, трэба думаць, што і не будзе. А ў хлопца, бачыце, мае вочы... І нос таксама. Так усе кажуць. Мог бы ён быць і сапраўда маім. І потым, калі гавораць, дык няхай ужо гавораць недарэмна. У мяне ёсць такія-сякія грошы. Толькі я хітры. І мне гэта будзе зручна, бо калі вы дазволіце я пасялюся ў вашай садовай лазні.Не ведаю, як ён угаварыў яе. Але ён сапраўды пасяліўся ў лазні, што схавалася ля яра ў бузіне і крушыне, а пасля, з восенню, перайшоў у дом. Жаночае сэрца схільна шкадаваць, іншым нават здаецца, што менавіта гэта галоўнае ў ім.

1 2 3 4 5 6