1 2 3 4 5 6

Карней-мышыная смерць

Яна прала на яго, карміла, цыравала яго шкарпэткі. Купіла нават аднойчы яму гарнітур, але ён паслаў яго хлопцу, “сыну”, і з упартасцю вала хадзіў у тым самым клятчастым строі, на якім жывога месца не было ад лапікаў. Калі ў яго пыталіся, нашто ён, маючы грошы, так ходзіць, ён адмоўчваўся, але бацьку майму аднойчы сказаў:– Не той цяпер час, як тады, калі я быў хлапчуком. Але я не хачу, каб Янка хоць на волас зазнаў таго, што зазнаў я. Мы жылі бедна, маці мая была таксама ўдава. Таму, напэўна, я і атрымаўся такі: сухі, кашчавы, п’янею ад першай чаркі. Таму я і стаў такі слабы і, што казаць, дурнаваты, няздатны ні на што. Мазгі ў мяне не працуюць як трэба. Самыя простыя рэчы я не разумею. А ў мяне ж ёсць сэрца, я таксама хачу быць чалавекам. Гэта, напэўна, вельмі добра – сядзець з жонкаю дзе-небудзь пад грушаю і піць чай... А ў нас, дзяцей, нават портак даўжэй, чым у каго на вёсцы, не было. Аднойчы маці са свае старой спадніцы зрабіла нам, чацвярым, порткі. Мне, малодшаму, яны атрымаліся вельмі вузенькія. Але ж затое сапраўдныя крамныя порткі! Быў вялікдзень. І вось пайшлі мы, дзеці, гуляць. Прыдумалі гульню: хто скокне цераз агароджу, таму фарбаванку. У нас і курэй не было, а скакаў я добра. Хочацца мне фарбаванку. Вось я разагнаўся і – цыб! Пераскочыў і з разгону аж прысеў. Глянуў на порткі, а яны на каленях луснулі і між нагамі луснулі, так што атрымалася двое портак, па адной калошыне на кожнай назе, – і ззаду луснулі.А зашываць няможна, свята. Так я і прасядзеў увесь вялікдзень у хаце ды горка плакаў. Не дай божа, калі дзецям чаго-небудзь не стае.Ён зноў усміхнуўся прыдуркаватай усмешкаю:– Так, атрымаў фарбаванку. Карычневая... Ад цыбульнага лушпіння.Карней усе апошнія гады перад вайною працаваў, як пчала. Удзень – па хатах, увечары – з рыдлёўкаю ў садзе ўдавы. Ён абшаляваў дом і перакрыў яго новымі гонтамі, пабудаваў уласнымі рукамі веранду, зрабіў у гушчары альтанку і нават “упрыгожыў” яе слупкі вельмі непрыгожай разьбой. Разжыўся недзе саджанцамі добрых яблынь. І калі яго пыталі, нашто гэта, ён адказваў кожнаму адно:– Тут ён можа спаць улетку... А тут чай піць... Ведаеце, маладому вельмі карысна піць чай, ды яшчэ калі вакол такі вольны дух... А белы наліў, думаеце, не карысны маладому? У-га!У яго бедных мазгах шчасце атаясамлівалася менавіта з тым, каб сесці пад дрэвам і піць смачны чай. Ды яшчэ калі з варэннем – ого-го!Гэта былі гады яго залатога шчасця. Карміўся ён добра, нават папаўнеў. Янка, прыязджаючы на канікулы, часта хадзіў з Карнеем у кіно (ісці ўтраіх пацукалоў не згаджаўся, і сын пасля ішоў у кіно з маткай). Мне асабліва падабалася, што юнак не саромеецца гэтага чалавека, што яны пасля кіно разам п’юць па куфлю піва і адукаваны хлопец пачціва слухае блытаныя фразы Карнея.– Бач ты, як ён яго... закруціў. А той яму на бульбе, значыцца, паказваў, як яно там... ваююць... А гэты, значыцца, вельмі прасіўся. А што ты думаеш, кожнаму стварэнню жыць хочацца. Вось яно, значыцца, і так. Але...Аднойчы я разрагатаўся, пачуўшы яго тлумачэнні, і тата ўпершыню ў жыцці даў мне па карку. Мне было ўжо дзесяць год, і гэта было вельмі крыўдна.А бацька сказаў:– Пабачу я, колькі ты на сваім шляху знойдзеш людзей накшталт гэтага прыдуркаватага Карнея, ёлуп хвашчоўскі!Але я не зусім паверыў яму. Не толькі я лічыў, што гэта глупства. Сапраўды, якія вялікія пачуці маглі жыць у гэтых грудзях? Ніякія.

1 2 3 4 5 6