1 2 3 4 5 6

Карней-мышыная смерць

– І сапраўды, хадзем адсюль. Давай, давай.Яму, відаць, вельмі хацелася дадому. Ён хранічна недасыпаў, гэты чалавек. Таму ён з радасцю пакінуў свой пост і павёў Карнея прэч.– Што гэта тут робяць гэтыя людзі? – спытаў пацукалоў.– Вешаць будуць. Злачынцаў, – ляніва адказаў афіцэр.– Як вешаць? – здзівіўся Карней.– А так, за шыю.– Вешаць? За што? – Карней занепакоіўся. – І дыхаць нельга?– Чаму нельга? Льга. Толькі не ротам.І раптам пацукалоў загаварыў разважліва і павучальна:– Няможна вешаць людзей за шыю, пан. Шыя дадзена, каб дыхаць. Іначай нельга дыхаць... Хіба можна так, за шыю? Няможна вешаць людзей. Яны людзі. Яны хочуць есці, піць ваду і піва, плаціць мне грошы, что я выганяю пацукоў. Нашто ж, замест таго каб шкадаваць людзей, раптам – за шыю? Шыя чалавеку не дзеля гэтага дадзена.Афіцэр з цікавасцю паглядзеў на яго.– Што гэта ты вярзеш, дурань? Марш адсюль!Але Карней не пайшоў. Ён стаў ля афіцэра і пранікнёным, вельмі цвёрдым тонам сказаў:– Яна ж памрэ, прaўда? Пане, злітуйцеся над ёю, пашкадуйце яе. Яна ж чалавек, як і вы...Афіцэр маўчаў. Напэўна, думкі яго былі ў гэты момант далёкімі ад устава. Вялізная вайсковая машына – і тут прыдурак. Урэшце ён паўтарыў яшчэ раз:– Марш, дурань!Пацукалоў глянуў назад. Жанчына ўжа вісела, а адзін салдат, абхапіўшы яе ногі, цягнуў уніз.Карней жаласна застагнаў і пайшоў прэч. Сэрца яго аблілося крывёй.У тую ноч абурыўся ўвесь яго маленькі свет, дзе людзі жывуць, смяюцца над ім, плацяць яму грошы, дзе дзеці любяць яго, дзе пацукі баяцца касталом-травы.Ён пачаў унікаць афіцэра, але хутка яго паклікалі ва ўласны дом.Справа была ў тым, што пацукі з разбуранага бровара, дзе яны раней жывіліся, кінуліся ў суседнія дамы, асабліва ў тыя, дзе была ежа. Атрута не памагла. Тады звярнуліся да яго, і “тубылец” нечакана згадзіўся, толькі папрасіў тры дні, да суботы.– У суботу пан будзе гуляць у карты спакойна, пад падлогай ніхто не будзе шарудзець. А што доўгі тэрмін, дык шаптаць такому пану – не простая справа... У простага мужыка і пацук, значыцца, просты і выгнець яго проста... А тут пацук адгадаваны і шкодны.Пасля многа гутарылі пра тое, што нехта бачыў пацукалова за горадам, на дарозе, у кампаніі з нейкай кабетай, якая вельмі нагадвала ўдаву Стучэўскую. Яна штосьці гаварыла, а пацукалоў адказаў толькі раз:– Не ведаю. Галава ў мяне такая... Самыя простыя рэчы не разумее.Пасля яны пастукалі ў нейкі домік на ўскраіне і доўгі час сядзелі там. Пацукалоў пабываў там яшчэ раз і выйшаў адтуль, моршчачы лоб.Таго самага дня ён пабываў ва ўласнай хаце, стаяў там на каленях і шаптаў тое, што шаптаў тысячу разоў: “Цар пацучыны, ветахавы, цёмны, выходзь... на балаты... там... на пясок рассыпайся...”Ён папрасіў дазволу прыйсці ў суботу ў шэсць гадзін для канчатковай замовы.У той дзень выпаў першы сталы снег. Дом і сад выглядалі такімі прыгожымі пад белымі, мяккімі падушкамі.І калі пацукалоў у суботу прыйшоў другі раз, ён доўга стаяў ля хаты, гледзячы на яе прагнымі вачыма. Торба вісела ў яго цераз плячо, стуль выглядалі сцябліны травы. А вусны ўсё шапталі нешта.Пасля ён выцер кулаком сухія вочы і хутка пайшоў да ганка. Салдат і паліцай з мясцовых адвялі яго ў сталовую.– Зараз папросіць пакінуць аднаго, – сказаў паліцай. – Гэта ўжо заўсёды так.Ён, сапраўда, папрасіў і, калі яго пакінулі, стаў на калені ў кут, да вялікай пацучынай пары. Вусны яго шапталі. Ён дастаў з торбы вялізны пучок касталом-травы, залез у яго пальцамі і, да болю моршчачы лоб, на невялічкім металічным прадмеце перавёў невялічкую стрэлку на лічбу дзевяць. Пасля апусціў усё гэта ў знарок пашыраную дзірку і забіў яе дошчачкай. Перайшоў да наступнай дзіркі – і там паклаў пучок травы. Затым паклаў яшчэ ва ўсе норы. Ён прабавіўся так з гадзіну.

1 2 3 4 5 6