1 2 3 4 5 6

Карней-мышыная смерць

Пасля, ля выхаду, яго затрымалі і павялі ў кухню. Ён павагаўся, але пайшоў. Тут яго не пакінулі аднаго, бо так патрабаваў парадак. Усе з цікавасцю глядзелі, як ён піхаў траву ў норкі і шаптаў свае дзікунскія замовы.Кухар нават панюхаў траву, і пацукалоў спытаў, ці добра яна пахне.Спяшацца было нельга.Ля дзвярэй яго зноў затрымалі, бо ён павінен быў адчытацца перад самім гаспадаром, а той яшчэ не прыехаў. Пасля ён прыехаў, а з ім яшчэ шэсць чалавек, сярод іх дзве дзяўчыны.– Я ўсё зрабіў, пане ласкавы, – сказаў пацукалоў. – Вы будзеце вельмі спакойна спаць... І вашы цнатлівыя паненкі таксама.Яны засмяяліся, а новы гаспадар даў яму каляровую паперку. Пацукалоў узяў яе і скамячыў у далоні. Толькі выходзячы, ён зірнуў на насценны гадзіннік. Маленькая стрэлка прайшла палову дарогі ад лічбы, падобнай да парсюковага хвосціка.Ён выйшаў і пабрыў па снезе, не аглядаючыся назад. Ён ведаў, калі азірнецца і пабачыць веранду, дзе хлопчык піў чай, і акно таго пакоя, дзе хлопчык спаў, то можа вярнуцца. Каб разам... У хлопчыка быў такі неспакойны сон.Пацукалоў пайшоў напрасткі. Ён спусціўся на лёд рачулкі паўз сваю лазню, пасля выбраўся на стромы супрацьлеглы бераг, чапляючыся за голы хмызняк. Там ён спыніўся на ўзгорку і стаў чакаць пад халоднымі зорамі. За спіною ў яго чарнеў недалёкі лес, куды цяпер ляжаў яго шлях.Час цягнуўся надта-надта доўга.І раптам за рачулкай нешта грымнула, ірвануліся ў паветра языкі полымя. Дом яго, лепшы на свеце, свой дом, палаў як свечка. Зарыва клалася на снягі. Яны сталі ружовымі. Ад складаў беглі маленькія чорныя фігурку, але трапіць у дом яны не маглі. Мітусіліся вакол, сутыкаліся, беглі назад.Чалавек на высокім беразе ўпаў на калені ў снег, заплакаў, выціраючы вочы лапленым рукавом, пасля засмяяўся:– Пацукі! Дальбог, пацукі. Я яшчэ ніколі не бачыў такіх тлустых.

1 2 3 4 5 6