Кастусь Каліноўскі

Я ў х і м. Вось як... (Кідае кайданы ўбок.) Вось яно як...

К а с т у с ь. Вось так... I штамп... “Імператарскі Пятроўскі завод”... В-вось так.

Кідае кайданы. Кідаюць яшчэ. Ляск... Ляск...

Вось так, людзі... Вось так, браты-мужыкі... Вось так, народ...

Гарэліха (бярэ адну “змяю”). Ланцуг зрабіць для калодзежа, ці што?

Чортаў Бацька. Л-ланцуг? Баба ты, курыныя твае мазгі, дурацкія, пакуль з лавы ляціш – сем дум перадумаюць... Досыць ланцугоў! У Нёман іх, хай глытае!.. Досыць...

Топча звінячую кучу. У гэты момант з крыкам “Ура!” увальваецца натоўп.

М у ж ы к. Яў-хі-ім! Вастравух! Гарматы ў палон узялі! Аж чатыры!

Кастусь ідзе да Караліны, якая схілілася над параненым.

К а с т у с ь. Што ты?

Караліна. Ранены – гэта проста ранены. Яго трэба лячыць.

Кастусь. I тут твая праўда... Як у вас рукі лётаюць... Як стрыжы над ракой...

Караліна. А вашы грубаватыя, гожыя, яны надзейна кладуць бінт.

Яўхім (да Вастравуха). Даруй... I ведай: цяжка нам дасталіся нашы хаты. Мужык дарэмна ніколі не бунтуе. Але вашых больш хапаць не будзем... братка.

Кастусь. Я раней не разумеў, чаго гэта хворыя, ачуняўшы, часта жэняцца з сядзелкамі.

Караліна. А цяпер?

К а с т у с ь. Пачынаю разумець... Бо гэта – як добры лёс над табой... Часам, відаць, прыемна адчуваць сябе слабым.

Салдат падымае галаву.

С а л д а т. Каго адпусцілі, браты, каго?

К а с т у с ь. Салдата.

С а л д а т. Цаплін гэта... Кашулю зняў... Палкоўнік... Апошні паход з намі быў... На Магілёўшчыну потым яго... пераводзіць... хацелі... Дзе пажар найбольш зыркі... Вешальнік... Вешаюць жа вас у Вільні... Вешаюць... Шкада...

Памірае. Кастусь і Караліна, разгубленыя, стаяць над ім, узяўшыся за рукі. А над імі зноў узлятае “Ура!”.

Г а л а с ы. Ура ваяводзе! Ура атаману! Ура! Ура-а-а!!!

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Пакоі ў кватэры Ю з э ф ы Я н е в і ч. Куток прыхожай, у якой сядзіць Ч о р т а ў Б а ц ь к а, і гасціная. У гасцінай Кастусь, Караліна, Арсень, Пасланец Белага жонду. Гаспадыня кватэры сядзіць у крэсле, такая ўладная, што здаецца – пад ёю не крэсла, а трон. Кульмінацыя спрэчкі.

К а с т у с ь. Мы з вамі не будзем, панове белыя. Не!

Пасланец. Як хочаце. Але варшаўскі Белы жонд забараняе вам рабіць стаўку на хамаў...

А р с е н ь. Вашай забаронай мы...

Я н е в і ч. Арсень, ты што, дзетухна, у карчме?

А р с е н ь. Прабачце, цётка Юзэфа... Але яны – лішнія. Стаўленікі іхнія кінулі нас, а яны цяпер “забараняюць”.

Я н е в і ч. А яны, дзетухна, не кінулі. Яны проста ў разгар бунту ўспомнілі, што ў Парыжы не бывалі. Дай, думаюць, з’ездзім.

Пасланец. Ваш мужык – хам, здраднік. Яго радзіма там, дзе ён кучу гною растрасе. Пляваць ён на астатняе хацеў.

К а с т у с ь. Гэта стагоддзі вашага панавання зрабілі яго такім.

Я н е в і ч. Адсталыя, любчык, людзі. Немудрагелістыя, як барана. Пытаюся я нядаўна ў вясковага хлопчыка, чым яны пысы выціраюць, як памыюцца. А ён мне: “Татка рукавом, мамка – падалом, а я – сам сохну”. Вось і растлумач ім, што ўсе яны цяпер вольныя, як старапольская шляхта.

К а с т у с ь. Але ён устае, мужык радзімы. I калі вы не будзеце з ім – ён вас выкіне.

Пасланец. Такое паўстанне нам непатрэбна. Мужык лезе ў яго бруднымі лапамі, а не лезе, дык прадае.

Я н е в і ч. Дзіўна. Тысячу год камандавалі – і не абрыдла ім!

Пасланец. Дваране ўмеюць ваяваць.

Чортаў Бацька (голасна). Яшчэ б, усе продкі разбойнічалі.

Пасланец. Яны ваююць лепш за мужыкоў.

К а с т у с ь. Правільна. Сядзяць у лесе чалавек сорак. Хваляцца: “Я, бывала, як налячу на сотню казакоў з шабляй, дык усё палавінкі-палавінкі-палавінкі”. Аж тут прыбягае вартавы: “Панове, казакі!” – “Колькі?” – “Пяць”.– “Уцякай-ма!”

Пасланец. Дваране! Чуеце, што ён кажа, гэты пёс? Героі, пакутнікі, чуеце? Дзе ваша мужная безнадзейнасць?!

Я н е в і ч. Прыгожа як! Маткам іхнім радасць якая!