Кастусь Каліноўскі

К а с т у с ь. Вітаўт, што здарылася?.. Адказвай...

В і т а ў т. Даношу аб разгроме. Паўстання на Магілёўшчыне больш не існуе.

Караліна. Што?.. Як?..

В і т а ў т. Не ведаю. Пярэдняму краю цяжка...

Караліна. Цяпер паўсюль пярэдні край.

Кастусь. А дзе атрады Раўбіча, Грынкевіча, Загорскага?

В і т а ў т. Бадзяюцца недзе, але арміі няма.

Паўза.

Вы, спадзяюся, не сумняваецеся ў маёй смеласці?

А р с е н ь. Хлапецтва! Пры чым твая смеласць?.. Разгро-ом.

Пасланец. Нясцерпна. Але што я вам казаў?

А р с е н ь. Знойдзеш сілу хвіліну памаўчаць?

Пасланец. Непрыемна? Закруціліся?

I тут нечакана аддзяляецца ад сцяны Марцявічус.

Марцявічус. Хлюсты паўстаннем кіруюць. Белая сволач. Вы ад іх чаго, перамог хацелі?

Караліна (амаль з жахам, бо чалавек – страшны). Хто гэта?

Марцявічус. Я Бронюс Марцявічус, жмудзін. Сын... аднаго чалавека з горада Сухадола... Люблю Беларусь!

К а с т у с ь. Люблю Жмудзь!

Марцявічус. Я прыйшоў з ім, каб паслухаць, як ён раскажа аб усім.

К а с т у с ь. Кажы, Вітаўт.

В і т а ў т. Мы гналі іх тры тыдні. I вось, калі мы ўсёй сілай ішлі з Сухадола на Гадарочы... Тысяча дваран... Дзве тысячы мужыкоў... На ўз’яднанне з атрадамі Загорскага і Грынкевіча – гэта яшчэ чатыры тысячы...

К а с т у с ь. Ведаем...

В і т а ў т. Нас спыніла войска...

Марцявічус. Мы гэтаму войску маглі б духам вязы скруціць.

В і т а ў т. Я не спадзяваўся на мужыкоў. Як часта яны кідалі косы.

Пасланец. Я казаў.

Марцявічус. Ні пікні... Супраць гарматы – кінеш.

В і т а ў т. I тут нас прыціснулі да Дняпра. Пачалося знішчэнне... Гэта было страшна! Людзі з кручы падалі... Коні... Гігаталі так жахліва, як людзі. Мяшанка... Агонь...

Марцявічус. Ты скажы, чаму так атрымалася...

В і т а ў т. Не папракай! Я сабраў кучку людзей. Мы па іх ударылі, прарваліся! Я не апошні, я першы з пісталетам ішоў... На конных!

Марцявічус (горка). Што мне ў тваёй мужнасці? Ты пагубіў людзей. А мужнасць – твая асабістая справа... Шчанюк ты... Шляхта, вось хто...

В і т а ў т. Я табе зараз язык твой заб’ю ў тваю паганую глотку разам з зубамі.

Марцявічус. Ану!!!

К а с т у с ь. Ціха! Кажы далей, Вітаўт.

В і т а ў т. Мы беглі. Падалі людзі. Ад’ютанты ўвесь час, на хаду, зараджалі, падавалі мне пісталеты... Я смерці прасіў... А падалі яны. Пяць ад’ютантаў...

3 грудзей Кастуся вырваўся цяжкі, страшны ўздых.

Марцявічус. Ён сказаў... Цяпер я. Пра тое ж... Адзін... чалавек з Сухадола (голас жмудзіна сарваўся) благаславіў на паўстанне мужыкоў. Тыя прыйшлі вось да яго. I ён... ён не даў ім зброі. Мужыкі ўсё ж пайшлі, з віламі, без зброі. А ён іхнюю зброю – шляхцюкам Хаданскага.

Пасланец. Правільна, сынок.

Марцявічус. I тыя памірыліся з палкоўнікам, што вёў салдат. У баі пад Доўгай Кручай – кінулі нас, адышлі... Мужыкі біліся тым, што пад руку трапіла. Цяпер яны ляжаць на дне Дняпра.

К а с т у с ь. Гэта так?

Марцявічус (за Вітаўта, глуха). Так. Што мне ў яго мужнасці, калі ён сам аддаў край ворагу? Вешалі на ўсіх варотах.

К а с т у с ь. Гэта праўда, Вітаўт?

В і т а ў т. Так. Яны неабвучаныя.