Кастусь Каліноўскі

А р с е н ь. А людзі Хаданскага абвучаныя... Чаму? Здрадзе?

В і т а ў т. Я не мог ім верыць. Мужыкі дапамагалі карнікам знішчаць батальёны Серакоўскага пад Дынабургам.

Марцявічус. Мужыкі дапамагалі Каліноўскаму знішчыць карнікаў пад Бахарэвічамі.

В і т а ў т. Мужыкі – здраднікі.

Марцявічус. Мужыкі – героі.

Я н е в і ч. Гэй, пане пасланец, ану глянь на мяне...

Паўза.

К а с т у с ь. Не верыў народу...

Караліна. Сябры... браты... таварышы...

К а с т у с ь. Гэта страшна. Але яшчэ страшней, што не верыў... Будзеш плаціць, Вітаўт... Жыццём...

В і т а ў т. Я гатовы.

К а с т у с ь. Не нам... Бацькаўшчыне... (Да пасланца.) Так. Вось вам і канец нашай спрэчкі. Перадайце Беламу жонду, што мы забараняем ім нават нос торкаць у справы паўстання. А торкнуць – будзем расстрэльваць... як здраднікаў.

Паўза.

Пасланец. Я маўчу. Але вы забіваеце веліч нашу. Горка заплача над гэтым радзіма.

К а с т у с ь. Добра... Ведаючы вашу схільнасць да няправільнага вырашэння практычных пытанняў, я прапаную вам прыемную прагулку... Пархвен!

Чортаў Бацька. Га!

К а с т у с ь. Калі ласка, Пархвен, вось тут пан хоча прагуляцца.То ты ж месяц у горадзе. Ведаеш яго... Будзь другам, пакажы пану Ніжні замак, дзе Беларусь з Літвою магнатам прадалі... Пакажы месца, дзе па віне магнатаў у мінулае паўстанне суайчынніка ягонага, святога паляка Канарскага, расстралялі...

Пасланец. Хама мне ў гіды?

Кастусь. А калі не хоча, то пакажы яму, Пархвен, недалёкае месца... Наш задні двор. Дзе выграбныя ямы.

Чортаў Бацька. З асаблівым задавальненнем.

Пасланец. Што ж... Пашкадуеце... (Пайшоў.)

К а с т у с ь. Духам не трэба падаць, браты... Не трэба. Мы жывыя. I пакуль мы жывыя – агонь не згасне.

Марцявічус. Гэта не ўсё. У мяне просьба, Кастусь.

К а с т у с ь. Чаго просіш?

Марцявічус. Права на стрэл.

Кастусь. У каго?

Марцявічус. Я прыехаў за гэтым чалавекам з Магілёўшчыны. Гэта той, хто задушыў там паўстанне. Цяпер ён будзе правай рукой Мураўёва тут, у Вільні. Але няхай ён не думае, што мінулае забудуць.

Кастусь. У чым абвінавачваеш?

Марцявічус. Абвінавачваю ў здзеках, катаваннях, расстрэлах. Абвінавачваю ў сотнях шыбеніц.

К а с т у с ь. Ты нешта скрываеш, брат.

Марцявічус. Той... чалавек з Сухадола, які благаславіў мужыкоў на паўстанне, быў ксёндз Малявічус... Галава карнікаў павесіў яго.

Караліна. Ты раней казаў, што ты... сын аднаго чалавека з Сухадола... брат.

Я н е в і ч. Караліна... Як можна?! Ксёндз...

Караліна. Што ж з таго? (Яна ласкава дакранаецца да скроні Марцявічуса.) Хіба перад сапраўдным пачуццём бываюць перашкоды? Ды яшчэ і такія дурныя... нявартыя.

Марцявічус (на яго страшна глядзець). Дзякуй, сястрычка... Добрая мая... (Нячутна прыклаў вусны да яе рукі.) Праўда. Я тое, што людзі завуць “байструком”. Ксёндз Малявічус – мой бацька.

Я н е в і ч. Ну і дзякуй богу. Падумаеш, бяда вялікая!

Марцявічус. “У бога быў сын, а чаму мне нельга?” – казаў бацька. Ён любіў мяне. I вось ён вісіць.

К а с т у с ь. Хто гэты чалавек?

Марцявічус. Палкоўнік Цаплін...

К а с т у с ь. Ах, бестыя!

Паўза.

(Караліне ціха). Памятаеш?

Караліна (вельмі ціха). Памятаю.

Паўза.

К а с т у с ь. Чаго патрабуеш?

Марцявічус. Жыцця Цапліна... Прашу помсты.

К а с т у с ь. Права на суд маеш не ты адзін.

Паўза.

I таму мы заўтра будзем сачыць за ім. I мы выкрадзем яго на вуліцы ці яшчэ дзе. I павязём у адно месца, дзе ён таксама нарабіў гора. I будзем там судзіць яго мужыцкім судом. I за ксяндза Малявічуса таксама.