Кастусь Каліноўскі

А р с е н ь. Ты атрымаеш сваё... друг.

Кастусь. А я табе дапамагу... Бывайце, сябры, да заўтра.

Усе выходзяць.

А р с е н ь. Ай-я-яй. Які ж вы дрэнны патрыёт, пані Юзэфа. Як жа вы абыдзецеся без Кіева?

Я н е в і ч. Змоўч, шалапут. Я каталічка. Я на багамолле і ў Чэнстахову магу паехаць.

Усе пайшлі. Засталіся Яневіч, Караліна, Кастусь. Яневіч глядзіць на маладых людзей.

Доўгая цяжкая паўза. Потым пані Юзэфа здымае невялікі партрэт.

Вось... Жаніх мой.

Караліна. Якое гордае аблічча!

Я н е в і ч. Ох, ён быў горды! Ён быў тутэйшы. Любіў радзіму.

Кастусь. I што?

Я н е в і ч. Мы лічылі – няўчасна. У трыццаць першым было паўстанне. Ён пайшоў і не вярнуўся... I ўсё... I вось баба-сухадрэвіна, а вакол ані парастка... акрамя вас... Якое можа быць суцяшэнне? Памерці? Сустрэцца там? Растаць у ім, як зорка ў ранішнім усходзе? А што, калі няма ўсходу, што, калі там нічога няма?

Паўза.

Ой, што гэта я. Трэба ж хаця кавай вас напаіць... Пачакайце, я зараз. (Пайшла.)

Паўза.

К а с т у с ь (глуха). Страшны яго лёс.

Караліна. Страшны яе лёс.

Кастусь. I вырастала ў іх садзе дрэва. Вялікае-вялікае дрэва кахання. I дарасло аж да сонца.

Караліна. Пакуль вырастала – жах. I як вырасла – жах. Хіба можна глядзець на сонца? Аслепнеш.

Кастусь. I якая гэта была пакута... Як насланнё.

Караліна (нібы спалохана). Нам жа не так, праўда?

К а с т у с ь. Канечне. Ты – нейкі вялікі-вялікі, магутны, добры дух. Ты сама яшчэ не ведаеш, хто ты.

Глядзяць у вочы адно аднаму.

Як дзіўна. У цябе задрыжэлі веі. Якія доўгія, чорныя! Апусціліся... “як ворана пяро на снег”.

Караліна. I над хлопцамі вораны...

К а с т у с ь. Толькі не над табой... Толькі, калі ласка, не над табой.

К а р а л і н а. Не ідзі заўтра... Не ідзі...

К а с т у с ь. Ты бывай... Бывай... Іначай – не пайду. (Амаль у адчаі працягвае руку.) Каго любіш?

Караліна. Люблю... Беларусь.

К а с т у с ь. То ўзаемна... Навекі... Навекі...

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Вуліца. Краты саду. Слуп ліхтара. Конус святла гойдаецца над маленькай фігуркай. Гэта Чортаў Бацька.

Чортаў Бацька. Горад... Вялікі... Касцёлы гудуць. А паноў! А екіпажаў!

1-ш ы п р а х о ж ы. Каго любіш?

Чортаў Бацька. Люблю Беларусь.

1-ш ы п р а х о ж ы. Цаплін прыехаў у тэатр к пачатку трэцяга акта. (Ідзе далей.)

Чортаў Бацька. Перадам... Тут ужо на вуліцы п’яны не паспіш, як у нас у вёсцы.

2-гі прахожы. Каго любіш?

Чортаў Бацька. Люблю Беларусь.

2-гі прахожы. Ландо не падалі. Значыць, з тэатра пойдзе пешы... Значыць, на вуліцы.

Чортаў Бацька. Паглядзім.

Пайшоў 2-гі прахожы.

На вуліцы тую чаплю лавіць, вядо-ома, куды б лепей было.

Падыходзіць Караліна.

Караліна. Што чуваць, Чортаў Бацька?

Чортаў Бацька. Загадана, каб перадала, што палкоўнік той у тэатр спазніўся – грошай яму, відаць, не шкада, што пад канец прыязджае. Але прыехаў-такі: уганорыў той тэатр сваёй прысутнасцю... А на баль пойдзе пехатою – для мацыёну і яшчэ таму, што гэтую... ну... ланду яму не падалі.

Караліна. Добра... Зараз пайду перадам.

Набліжаецца Вітаўт Парафіяновіч.

Чортаў Бацька. Паненачка, шляхцюк той ідзе...

Караліна. Бог ты мой. Вось яшчэ.

В і т а ў т. Караліна... Пастой...

Караліна. Я спяшаюся, Вітаўт, слова гонару, вельмі спяшаюся.