Кастусь Каліноўскі

В і т а ў т. Два дні ты... спяшаешся. А ты ж ведаеш, што ўжо год...

Караліна. Я сапраўды спяшаюся.

В і т а ў т (з глыбокай узрушанасцю, амаль груба). Гэтыя твае крокі... могуць каштаваць жыцця. Чуеш? Аддай мне пяць хвілін. Нічога, пачакаюць.

Караліна. Я слухаю цябе, Вітаўт.

В і т а ў т. Слухай, дзяўчынка. Я стаяў на фарпосце, і зямля мая была за мной. Ты была за мной. I калі я хаця трошкі хацеў жыць у тыя страшныя часы – я хацеў гэтага таму, што была ты.

Караліна. Вітаўт, мілы, ты ведаеш: гэта ўсё дарэмна.

В і т а ў т. Я ведаю. Але пасля майго вяртання ты горшая са мной.

Караліна. Не. Мне шкада цябе, Вітаўт.

В і т а ў т. Сябры сталі горшыя са мной. I ты... Я разумею вас.

Караліна. Не.

В і т а ў т. Але я ішоў бараніць цябе. I не мая віна, што яны задушылі нас сілай.

Караліна (ціха). Ты не ведаў, што яны мацнейшыя? Нашто тады ішоў у паўстанне?

Паўза. Падыходзіць Каліноўскі ў чорным плашчы.

В і т а ў т. Ты не спяшаешся?

Караліна. Мне цяпер няма куды спяшацца.

Крутнуўся, усё хутчэй і хутчэй пайшоў у цемру В і т а ў т.

Кастусь...

К а с т у с ь. Што чуваць?

Караліна. Ён у тэатры. Да губернатарскага палаца пойдзе пешшу.

К а с т у с ь. Значыць – па дарозе будзем браць. Пархвен, папярэдзь Марцявічуса.

Пархвен зусім быў сабраўся ісці, але тут з’яўляецца 1-шы прахожы.

1-ш ы п р а х о ж ы. Люблю Беларусь...

К а с т у с ь. Узаемна...

1-ш ы п р а х о ж ы. Выйшлі з тэатра. Ён ідзе не адзін. З ім Мураўёў, дэ Салье, яшчэ людзі. Яны ідуць пад аховай салдат...

Чортаў Бацька. Гэ-эх... Сарвалася.

Паўза.

К а с т у с ь. Не... На вуліцы яго вартуюць салдаты...

Чортаў Бацька. Ну.

К а с т у с ь. Але ж на бале яны, пэўна, не будуць яго вартаваць... Уявіце сабе, кружыцца ў вальсе Цаплін, а вакол вальсуюць шэсць салдат... З прымкнёнымі штыкамі...

Караліна (у нейкім дзіўным, пакутным лікаванні). І гэта азначае?..

Кастусь. I гэта азначае, што мы выкрадзем яго на балі. (Ляпнуў Чортавага Бацьку па плячы.) Бяжы да Марцявічуса. Хай ідзе туды. Скажы – баль... (Да прахожага.) Ты – апрануты. Бяры другога і ідзі на дапамогу жмудзіну... Караліна...

Караліна. Але...

К а с т у с ь. Ідзі дадому, сланечнік... Ідзі да Яневіч... Вазьмі там найлепшы бальны ўбор... I адразу, на рамізніку, да палаца... У мяне будзе на гэтым балі дама... Найлепшая прыгажуня зямлі... На цэлы вечар... (Вочы ў яго гарэзлівыя і адначасова страшныя.) Скажы, ты ніколі не бачыш у сне, што танцуеш?

Караліна. Часта... Кастусь. I гэта такое шчасце!

Кастусь. I мы будзем танцаваць. Мы натанцуемся на сто год наперад, сланечнік... Мы будзем танцаваць... Ідзі.

Караліна. Ах-х... Кастусь.

Пайшла. Кастусь глядзіць ёй услед.