Кастусь Каліноўскі

К а с т у с ь.

Натоўп кіпіць. Гудзе, віруе горад,

А ты, прыкуты да яго цяснін,

З трывогаю няўлоўнай адчуваеш

Няўмольны лёс, што абступіў цябе.

I побач светлая мая, святая,

Якой не смерць – сусвет бы падарыў...

Прыслухайся да шуму: горад спіць.

Прыслухайся да шуму: спіць Зямля.

Спіць воля ў турмах, праўда – ў катавальнях,

I людзі спяць, абпіўшыся хлуснёй...

Нічога... Ёсць такія, што не дрэмлюць.

Такія не даюць сабе дазволу

Любіць што-небудзь, акрамя свабоды.

Няшчасна закаханыя ў яе,

Адрынутыя ёю ў смерць і ў турмы,

Яны пажнуць найлепшых закаханых

Праз трыста год. У новы вольны час,

Калі прамовіць нейкая дзяўчына:

“Чаму я не жыла тады, матуля?

Чаму не йшла на бітву сярод іх?”

Ты будзеш жыць і танцаваць, дзяўчына,

Кахаць... А ў нас крык гневу рвецца з вуснаў...

Сланечнік мой, прамень мой светлы, добры...

Гляджу услед, і ад пяшчоты сэрца

Спыняецца. А ты, мая зямля,

Глядзіш мне ў вочы змрочнымі вачыма,

I нема замірае мой язык.

Паўза.

Ідзе... З Дамініканскага завулка,

Дзе мураўёўскі, чорны той засценак,

Святло касое падае пяшчотна

На плечы, твар і золата касы...

О, як ты будзеш танцаваць сягоння,

Якім жывым і цёплым захапленнем

Заззяюць вочы мілыя. I руку

Адчую я ў сваёй руцэ. I вочы

Ніжэй сваіх вачэй убачу я.

I вусны мне раскрыюцца насустрач,

Як кветка цёплая насустрач сонцу...

А потым... Што казаць аб тым, што потым...

Дадому з балю разам не паедзеш...

I я ў святле бягучых ліхтароў

Не буду цалаваць тваіх вачэй...

Ідзі далей, маленькая вясёлка,

Свяці над добрай, змучанай зямлёй,

Што ў нетрах цёплых парасткі раджае.

Жывую рунь апошніх нашых дум.

Паўза.