Кастусь Каліноўскі

Ідзі далей, маленькая вясёлка,

Гары над светам. Я не пазаву.

Большае людзей на вуліцы. Паўз Кастуся прабег, звонячы вярыгамі, гарадскі юрод Агей Блажэнны.

А г е й (Кастусю). Дай што-небудзь Блажэннаму Агею... Не... Не грошы... Душу дай...

К а с т у с ь (сумна). Аддам, Агей.

Ю р о д. Дай каму трэба. (Робіць пальцамі вілы.) У-у... Ані дня, ані часу... Ястрабы над табой. Крылатыя.

К а с т у с ь. Бог з табою, Агей.

Ю р о д. З табою, з табою... (Адбег убок і сеў на кукішкі, як ідал.) Вось. Лятуць.

Выходзіць варта. За ёю Мураўёў, Цаплін, дэ Салье, Тызенгаўзен.

К а с т у с ь. Дык вось ён, Цаплін... З Мурашом побач.

Д э С а л ь е. Б’яніні проста выключны Атэла. Такі раўнівы! Як гляне на мяне – сэрца падае... Як гэта можна так душыць?!

М у р а ў ё ў (змрачнавата). Калі патрэбна, дык усё можна.

Ц а п л і н. Гэта не так складана, як мадам думае.

Д э С а л ь е. Уявіце, які жах! Чытаю сёння раніцай французскі часопіс – і там пра вас, граф, такія словы... “Рыцар пяньковай вяроўкі...”

Усім няёмка.

Мураўёў (з усмешкай). Нядрэнна! Яна абдымае моцна... I рэзультаты някепскія. Лепш, чым у Атэла.

Ю р о д. Міхал! Міхал! Мі-ха-ха-хал!

Спыніліся.

М у р а ё ў. Чаго табе?

У руцэ юрода вялізны кавалак сырога мяса.

Ю р о д. На. З’еш. На.

Паўза. На вуснах Мураўёва з’яўляецца нацягнутая ўсмешка.

М у р а ё ў. Сёння пост. Серада. Я мяса не ем.

Юрод амаль пяшчотна ўсміхаецца.

Ю р о д. А кроў п’еш? Не, ты вазьмі... Вазьмі...

Ц а п л і н. М-гух!

Ён кінуўся быў на юрода з палашом. Мураўёў спыняе яго. Юрод, усміхаючыся,

трымае звісаючае мяса. Доўгая страшная паўза.

М у р а ў ё ў. Улада з вар’ятамі не ваюе.

КАРЦІНА ПЯТАЯ

Задні фасад мураўёўскага палаца. Святло падае з дзвярэй і люстраных акон на балюстраду, на шырокія белыя сходы, што спускаюцца ў парк. На адзін бок сходаў, злева, агароджа з лаўкай. Правей фасада – арка, частка аркадаў, што акружаюць парк. За ёю зорнае неба... Урачыстыя гукі паланеза. За цэльным шклом акон плывуць пары. Па сходах ідзе Каліноўскі, апрануты ў бездакорны фрак. Насустрач яму А р с е н ь.

К а с т у с ь (ціха). Ну што?

А р с е н ь. Марцявічус п’е з ім.

К а с т у с ь. Бедны... I лёгка ідзе?

А р с е н ь. Цаплін пасля сустрэчы з намі шмат п’е... Можаш ісці спакойна.

Кастусь ідзе далей. У гэты момант з’явілася ля балюстрады Марыя Грэгатов і ч. Сустрэліоя позіркамі.

М а р ы я. Пан Макарэвіч, добры вечар.

Кастусь аглянуўся, і на хвіліну нешта дрогнула ў яго вачах.

К а с т у с ь. Прабачце, не маю гонару.

М а р ы я. Вы жылі ў флігелі дома маёй маці, у Зарэччы. Я – Марыя Грэгатовіч.

К а с т у с ь. Запэўніваю вас, вы памыляецеся. Я – князь Мсціслаўскі. Але я хацеў бы быць гэтым невядомым Макарэвічам, каб мець шчасце хаця зрэдку бачыць вас...

М а р ы я. I Вітаўта Парафіяновіча не памятаеце? I як мы ўтраіх сядзелі ў нашым садзе... Вы... так нечакана з’ехалі ад нас у сакавіку.