Кастусь Каліноўскі

К а с т у с ь. Вы абазналіся... Прабачце.

Ідзе далей. Насустрач яму ідзе Караліна.

Караліна. Ідуць. Заўважыў мяне і захапіўся. Такая брыда!

К а с т у с ь. Стой непадалёку, калі... ласка...

Змрочны, маўклівы і доўгі, як Мефістофель, Марцявічус вядзе Ц а п л і н а. Цаплін не хістаецца, але ён цяжка, трагічна п’яны.

Ц а п л і н (жмудзіну). Сядзіш тут сярод дам і кветак... як самая непатрэбная радзіме кветка. А ці быў ты на полі, дзе дабіваюць... Я таго мужыка з віламі... не забуду... Аблічча бледнае... як пры ўсплёску бліскавіцы... Хочаш, падару на шчасце вяроўку павешанага?

Марцявічус. Не.

Ц а п л і н. Тады – мармуровы бюст імператара. Я люблю бюсты імператара.

Да Каліноўскага падыходзіць д э С а л ь е.

Д э С а л ь е. Вымушана была пакінуць вас, князь. (Угледзеўшыся.) З вамі нешта здарылася?

Каліноўскі. Пачаў губляць галаву, мадам. (На Караліну.) Мая стрыечная сястра, княжна Надзея Загорская... Я прашу вашай апекі над ёй.

Д э С а л ь е. Якая мілая... На выданні?

К а с т у с ь. Самая багатая нявеста Прыдняпроўя.

Караліна (з дакорам). Юры...

Д э С а л ь е. Пры такіх вачах пасаг – зусім лішняя справа. Мяркую, часам вы шкадуеце, што яна – сястра вам.

К а с т у с ь. Часам... вельмі шкадую.

Караліна. Юры...

К а с т у с ь. Вядома, калі вас няма побач.

Дэ Салье. Я схільна палюбіць вашу кузіну... Дарэчы, вось князь Стоцкі... Мілы...

К а с т у с ь. Паляк? Яны так сур’ёзна паўстаюць, палякі...

Д э С а л ь е. Сто-оцкі...

К а с т у с ь. Ф-фу... Мне здалося – Друцкі... Гэта яшчэ горш, чым палякі... Гэта нашы радзінныя ворагі... Забабоны мацней за нас. Мне давялося б, не адчуваючы ніякай варожасці да беднага маладога чалавека, справацыраваць яго на сварку... Так недарэчна!..

М у р а ў ё ў падышоў да балюстрады. Пакуль дэ Салье знаёміць Караліну са Стоцкім, змрочны, як Мефістофель, Марцявічус торгае Цапліна.

Марцявічус. Хадзем.

Ц а п л і н. Не, я да графа. Я люблю графа. Мы з графам – два чаравікі – пара. Мы з графам і з табой – тры чаравікі пара. (Ідзе да графа.)

Дэ Салье зноў з Кастусём, які відавочна кампліментуе з ёю. Караліна кідае на Кастуся ўмольны позірк. Кастусь непрыкметна паказвае ёй язык. Караліна ўсміхаецца. Стоцкі відавочна ў захапленні.

Д э С а л ь е (Кастусю, нібы ведучы далей размову). I вам не шкада райскіх птушак?

К а с т у сь. Iм мяне не шкада.

Д э С а л ь е. Бедны. Няўжо зусім?

К а с т у с ь. Адной.

Ц а п л і н. Ваша сіяцельства. Тут адзін сказаў, што вы сякі і такі. Я не веру. Мы з вамі – тры чаравікі пара. Я вам падару гіпсавы бюст Каліноўскага.

К а с т у с ь (дэ Салье). I, з-за адсутнасці мадэлі, закажа бюст з мяне.

Дэ Салье смяецца.

Ц а п л і н. I вы будзеце ўспамінаць нябожчыкаў Каліноўскага і Цапліна.

М у р а ў ё ў. Калі вы будзеце так піць, вы станеце нябожчыкам хутчэй, чым трэба... Ідзіце дамоў...

Змрочны жмудзін вядзе Цапліна па сходах паўз Каліноўскага. Цаплін спыніўся.

Цаплін. А я вас... пазнаю.

К а с т у с ь. Мне прыемна, што вы ў такім стане яшчэ здольны пазнаць кагосьці.

Ц а п л і н. Дык ты... у модных панталонах?

Збіраюцца да іх людзі.

К а с т у с ь (Стоцкаму). Малады чалавек, адвядзіце яе... Яна... спалохаецца...

Караліна. Не!

К а с т у с ь (да Цапліна). Я не нашу спадніцы. Я не шатландзец. Хаця з ахвотаю стаў бы ім на хвіліну, каб вы з задавальненнем канстатавалі гэта і пайшлі дамоў.

Ц а п л і н. Дзе твае пісталеты?

К а с т у с ь. Яны дома. Па іх лёгка паслаць.

Марыя глядзіць на сварку пашыранымі вачыма. Цаплін хапае Каліноўскага за плечы.

Ц а п л і н. Мяцежнік!