Кастусь Каліноўскі

К а с т у с ь. Працягніце ўздоўж тулава вашы рукі, калі не хочаце працягнуць ногі.

А р с е н ь. Па-мойму, яму зараз стане дрэнна.

Ц ап л і н (да Арсеня). I ты мяцежнік... (Да Караліны.) I вы. Уся зала ў мяцежніках... як пры ўсплёску бліскавіцы.

Махнуў рукою, пайшоў да садовай лаўкі Мураўёў.

К а с т у с ь. Не навучыліся суразмерваць сілы з колькасцю віна на стале... Мяркую, і не паспееце.

Д э С а л ь е. Выдаліце яго хто-небудзь!

Ля Цапліна выраслі 1-шы і 2-гі прахожыя.

Марцявічус. Хадзем, галубчык. Дапамажыце мне, панове.

Ц а п л і н. Выдаляюць цвярозага!

К а с т у с ь. Цвярозыя маюць дастаткова здаровага розуму, каб разумець, што ва ўсякім іншым месцы ім будзе зручней.

Павялі Цапліна.

Ц а п л і н. Панове, мяне выносяць!

Г о л а с. Бачым.

Ц а п л і н. Мы яшчэ сустрэнемся... пры святле маланкі!

Кастусь. I пры секундантах... (Падае картку Марцявічусу.) Перадайце яму маю візітную картку... калі ён, вядома, мае звычай хоць калі-небудзь выходзіць з такога вось стану.

Вывелі Цапліна.

М а р ы я (ціха). Князь Мсціслаўскі?

К а с т у с ь. Уф-ф! (Да Караліны.) Раю вам, сястрычка, запасціся верай, што не ўсе мужчыны падобныя да палкоўніка. Зрэдку трапляюцца і іншыя.

Караліна. Веру.

Смяшок. Л ю д з і разыходзяцца.

Д э С а л ь е. Мілы князь, граф хоча пазнаёміцца з вамі... Вас я вазьму з сабой, дарагая княжна. Вы ўбачыце графа, а тады я аддам яе вам, князь Стоцкі.

Падыходзяць да Мураўёва. Дэ Салье рэкамендуе Кастуся і Караліну.

М у р а ў ё ў (Караліне). У вас адухоўленыя вочы, княжна. Вы непадобная на большасць свецкіх паненак.

Караліна. Мне прыемна чуць гэта, граф.

Д э С а л ь е. Хадземце, дарагая... (Мураўёву.) Спадзяюся, вы будзеце ў захапленні ад князя... як я...

М у р а ў ё ў. Мне часта даводзіцца захапляцца вось так... Аддаюць перавагу маладому Нуліну, які толькі што прыехаў з Парыжа, а не мне, які “в сраженьях изувечен”.

К а с т у с ь. “И вас за то ласкает двор”.

Караліна і дэ Салье пайшлі.

М у р а ў ё ў. Ласкі двара не ласкі жанчын... Мсціслаўскі... Я ведаў аднаго па Магілёўшчыне.

К а с т у с ь. Наш радзінны край, граф.

М у р а ў ё ў. Н-нулін... Непрыемны выпадак, га?

К а с т у с ь. Відаць, вам дрэнна, калі сярод гэтых жырандоляў і калон людзям блюзняцца цені паўстанцаў.

Паўза. I раптам Каліноўскі рассмяяўся.

Цікавая ідэя. Уявіце сабе, што я сапраўды паўстанец. I сустракаюся з чалавекам, які мяне ведае... Бр-р...

Мураўёў. А вы пайшлі б у паўстанцы, князь?

К а с т у с ь. Пайшоў бы. Каб імператару прыйшла ў галаву ідэя адмяніць гасудараў радасловец.

М у р а ў ё ў. Дзікая ідэя. Хіба ён можа?

К а с т у с ь. Радасловец – небяспечная кніга.

М у р а ў ё ў. Чаму?

Кастусь. З яго вынікае, што першыя – мы, а Раманавы – мелката.

М у р а ў ё ў. Сказалі б гэта ў вочы?

К а с т у с ь. Прывілей арыстакратаў – праўда.