Кастусь Каліноўскі

АКТ ПЕРШЫ

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Яшчэ перад тым як падымаецца генеральная заслона, чуваць далёкія, жудасныя па сіле і журбе, гукі старадаўняй песні. Гэта “Дарота”... На саматканым чынаватым палатне заслоны скачуць адбіткі далёкага агню. I вось перад заслонай узнікае жанчына ў чорным. У яе журботнае аблічча з прадоннямі чорных вачэй. Вялізны цень жанчыны рухаецца ва ўспышках зарыва, то ападаючы, то вырастаючы амаль да столі.

Ж а н ч ы н а.

Я – Беларусь... Я – чорная зямля...

Я – маці ўсіх дзяцей маіх.

I ўсіх гасцей, што прыйдуць з добрым словам

На берагі маіх празрыстых рэк.

Нямнога, пэўна, знойдзецца такіх,

Што злом мяне успомняць. Толькі тыя,

Што смерць прыносілі ў мае палі

I зараз спяць на дне маіх курганаў.

Я – перад вамі... Паглядзіце... Рукі...

Стагоддзі працы – шрамамі на іх.

Я – ў чорным. Але быць бы мне ў барвяным

Ад рэк крыві, што працяклі па мне...

Якой была я светлаю дзяўчынай!

Ў каралах арабін, ва ўборы ясным

З зялёнага атласу і ў сапфірах

Маіх азёр бязмежных і крыніц.

I цар прыслаў – мяне ў рабыні сватаць –

Сваіх паноў з мячом, свінцом, агнём...

I вось я скінула свае уборы

І чорны плашч усклала. Ў соты раз.

Але ў бясконцых, страшных гэтых бедах

Не апусціла я сваіх вачэй....

Вы, што глядзіце зараз мне ў зяніцы,

Вы, светлыя, вы, добрыя, вы, дзеці

Вялікія мае, павінны ведаць

Паданні краю.

Вось, вазьміце крылы,

Якія Вас туды перанясуць...

I уявіце, што якраз сягоння

Рассыпаліся вёскі і палацы

Чырвоным жарам. Шыбеніцы страшна

На раздарожжах стогнуць па начах...

Па жылах рук маіх ідуць салдаты

I валяць родны лес наўсцяж дарог,

I паляць пушчы, каб ніхто не здолеў

Схавацца там са зброяй і страляць

Па карніках. Яны ж паўсталі, дзеці,

Не вытрымалі рабства і цяпер

Ляжаць, забітыя рукой варожай,

Між зрынутых калон маіх лясоў.

Не будзе дрэваў – і мяне не будзе...

Паслухайце... Вось... Вось яшчэ... Яшчэ.

Здалёк, глухія і нерэальныя, далятаюць, мацнеюць, гучаць, гучаць удары сякер.

I уявіце, што сягоння, зараз,

Выходзяць лепшыя сыны змагацца.

I рог гучыць. I раўкаюць гарматы.

I мужыкі, што верылі спачатку

Ў цара, цяпер за лепшымі ідуць.

Узняўшы вілы ў зарыва... I гэта

Зрабіў адзін з сыноў маіх... Кастусь.

Сын той зямлі, што несла крыж пакуты...