Кастусь Каліноўскі

М у р а ў ё ў. Нават на эшафоце?

К а с т у сь. Э-э! Столькі сапраўдных дваран за апошнія гады мужна стаялі на ім. Я не горшы. Толькі мне хацелася б ведаць... навошта вам усе гэтыя страты, граф? Якая вам патрэба знішчаць?

М у р а ў ё ў. Таму што толькі на імперыю, на ўцёс у збаламучаным моры спадзяюцца сёння высакародныя людзі ўсёй зямлі.

Кастусь. А нашто нам апраўдваць іх спадзяванні, ратаваць іх?

М у р а ў ё ў. Для сябе. Бунт мужыка – заканамерны. Ён воўк і глядзіць у лес. Калі ж дваранін стае на бок мужыка, здраджвае саслоўю, хоча ў свінапасы – такога нельга літаваць.

Кастусь. А такія ёсць?

М у р а ў ё ў. Ёсць.

К а с т у с ь. Хто яны?

М у р а ў ё ў. Ну вось, напрыклад, Каліноўскі...

К а с т у с ь. Хто ён?

М у р а ў ё ў. Самы небяспечны і самы дастойны мой вораг.

К а с т у с ь. Тады гэта, відаць, фігура. Хацелася б мне ўбачыць яго. Я з цікавасцю паціснуў бы яму руку. Гэта, ці ведаеце, сустрэча не з тых, якія забываюць.

М у р а ў ё ў. Я не магу забыць аб ім ужо некалькі месяцаў.

К а с т у с ь. Цікава, які ён?

М у р а ў ё ў. Кажуць, русыя, вельмі пышныя, хвалістыя валасы.

К а с т у с ь. Гэта не прыкмета. На жаль, мода псуе валасы мужчын памадай.

Мураўёў. I вялікія выразныя вочы.

Кастусь. У беларусаў наогул выразныя вочы. Нямнога... Чакайце, чакайце, як, вы сказалі, прозвішча?

М у р а ў ё ў. Каліноўскі.

Кастусь. Я ведаў аднаго па Пецярбургу. Як яго зваць?

М у р а ў ё ў. Канстанцін.

К а с т у с ь. Н-не. Таго звалі Віктар... Сядзеў у Публічнай бібліятэцы днямі і начамі.

М у р а ў ё ў. Гэта яго старэйшы брат. Ідэйны выхаваўца. Кажуць, быў яшчэ горшы якабінец. На шчасце, не дачакаўся перамогі ўлюбёнага браціка. Здох ад сухотаў.

Паўза. Кастусь устае.

Кастусь. Я вымушаны адвітацца, граф.

Мураўёў. У чым справа?

К а с т у с ь. Мне няма аб чым размаўляць з вамі. I не хочацца.

М у р а ў ё ў. Князь, вы няветлівы!

К а с т у с ь. Магчыма. Але затое – прамы. I выхаваны ў правілах дваранскага ганаровага кодэкса. А ў прыдняпроўцаў, у мяне... ёсць цвёрдае перакананне ў тым, што павінен і чаго не павінен рабіць дваранін... чалавек. Што ён павінен мець.

Мураўёў (з жудаснай іроніяй). Прасвяціце старога. Што?

К а с т у с ь. Толькі душу для праўды, жыццё – для сапраўдных людзей, сэрца – для жанчыны... I яшчэ гонар. Чуеце? Гонар... для самога сябе і ні для каго на свеце больш.

Мураўёў. У чым жа ён, калі не сакрэт?

Кастусь. У тым, каб быць незалежным з моцнымі, роўным з роўнымі, памяркоўным для ніжэйшых. У тым, каб быць добрым для жанчын, дзяцей, слабых, пераможаных. У тым, каб быць літасцівым да звяроў... I яшчэ ў тым, каб ніколі не лаяць мёртвых, якія не могуць адказваць: ні дрэнныя, ні высакародныя.

Паўза.

Калі мой субяседнік не трымаецца такога – я ў праве пайсці ад яго. Калі так робяць многія – тады няхай хутчэй ставяць гільяціны на ўсіх плошчах... Такому панству – туды і дарога.

М у р а ў ё ў. Сядайце, князь... Сур’ёзна... Я не думаў, што ў свеце ёсць хаця адзін чалавек з іншымі паняццямі. Цікава. Небяспечна.

К а с т у с ь. Чаму небяспечна?

М у р а ў ё ў. Таму што такія людзі – дзейныя людзі. А свет непадобны на космас іхняй душы. I яны ў гардыні пачынаюць думаць,, што пераробяць вялікі свет па вобразу і падабенству свайго... малога. А адсюль – адзін крок да фронды... бунту... эшафота.

К а с т у с ь. Вы мяркуеце?

Мураўёў. Я ведаю... Я ведаў у маладосці шмат такіх... У-у, якая ў іх была сатанінская гардыня! I смеласць пры няправільным шляху.

К а с т у с ь. Хто яны былі?