Кастусь Каліноўскі

М у р а ў ё ў. Ну хаця б... Сяргей Мураўёў-Апостал.

К а с т у с ь. Той, каго павесілі?

М у р а ў ё ў. Ну вядома ж не той, хто вешаў... А пайшлі б да нас?

К а с т у с ь. Не.

Падыходзіць д э С а л ь е.

М у р а ў ё ў. Чаму?

К а с т у с ь. Вешаць дваран, як піратаў! Фу!

Мураўёў. З усіх людзей – вы першы, хто сказаў мне аб гэтым у вочы. I вы не думалі, што дзяржава – вышэйшая праўда і таму несправядліва знішчаных няма?

К а с т у с ь. Ваша сіяцельства, вы маеце на ўвазе Хрыста?

М у р а ў ё ў. Дайце мне зірнуць у вашы вочы.

Ён кладзе руку на плячо Кастуся. Рука ўспаўзае на шыю. Гэта так страшна, што дэ Салье ўскрыквае.

Д э С а л ь е. Граф!

Кастусь (з адценнем насмешкі). Супакойцеся, гэта інтымны жэст. Граф прыдатны мне ў бацькі.

I тут у голасе Мураўёва загучала незвычайная, страшная, вострая пяшчота.

М у р а ў ё ў. Сынок... Смелы... Не любіш старога... Не баішся... Першы з усіх.

Д э С а л ь е. Не выключаючы гасудара?

М у р а ў ё ў. Не выключаючы і яго... Смела... Люблю... Не хацеў бы я сустрэчы з табой на страшнай сцежцы.

Бярэ Кастуся за скроні і цалуе ў лоб. Пайшоў з дэ Салье. Хвіліну Кастусь стаіць моўчкі. Потым Стоцкі падводзіць да яго Караліну.

С т о ц к і. На жаль, мяне патрабуе служба, князь... Вось... Я прывёў... Нешта здарылася... Шукаюць некалькіх афіцэраў. І Цапліна шукаюць. Я спадзяюся, я вельмі спадзяюся.

Адкланяўся. Пайшоў. Караліна ўздыхнула.

Караліна. Вызвалі майго князіньку...

К а с т у с ь. Сумуеш, бедная сястрычка. Пойдзеш, можа, у княгіні?

Караліна. Бог з ім, з княствам і з князем. Фігурай – нажніцы, розумам – сушаная траска.

Да Каліноўскага падыходзіць а ф і ц э р.

А ф і ц э р. Цапліна не бачылі? Тэрмінова выклікае камендант.

К а с т у с ь. Яго адправілі дамоў.

Г о с ц ь. Ён набадаўся, як сорак тысяч пустэльнікаў.

А ф і ц э р. Ды няма яго дома.

А р с е н ь. Значыць, не давезлі.

Збіраецца натоўп. Непаразумелыя выгукі.

А ф і ц э р. I дома няма.

Кастусь. I дома няма? Ну, панове, тады застаецца выказаць адно меркаванне.

Г о с ц ь. Якое?

К а с т у с ь. Яго ўкралі. Ён выкрадзены.