Кастусь Каліноўскі

Г о с ц ь. Кім?

Кастусь. А вось тут самае шырокае поле для вашых меркаванняў: ад паўстанцаў і нячыстай сілы да спакусніц нізкага гатунку і тайнай паліцыі.

Смех.

Асабіста я схільны падазраваць цыганоў.

А р с е н ь. Хіба ён дзіця ў пяшчотным узросце?

Кастусь. У самым пяшчотным, панове. Настолькі пяшчотным, што я не ведаю, ці можа ён сказаць слова “мама”.

Зайграла музыка.

(Гучна.) Вось мы і танцуем свой танец, сланечнік... Гэты вальс – наш.

АКТ ДРУГІ

КАРЦІНА ШОСТАЯ

Заслона з чынаватага палатна. Перад ёй булькоча крынічка. Спачатку здалёк, а потым усё мацней і мацней чуюцца гукі ліры: струны гудуць, як чмялі. Гучыць “Дарота”.

А Дарота крыж нясе

Па сцюдзёнай па расе,

Па папёлах стылых,

Па пажарах дымных

Нясе... Нясе...

З’яўляецца ж а б р а ч к а – п л а к а л ь ш ч ы ц а ў распатланай чорнай вопратцы. З ёй нямы Ян, хлопчык год чатырнаццаці, ва ўсім белым. У яго дзіўнай тонкасці прыгажосць... Ён торгае жанчыну за прыпол.

Плакальшчыца. Скора, дзетка, скора нашы Бахарэвічы. Горачка маё нямое. Ніхто цябе не разумее. Адна я.

Булькоча, звініць з перападамі крынічка.

Блякочаш нешта, як тая крынічка, а людзі сабе ідуць...

Я н. Мм-м...

Плакальшчыца. Ну, прысядзем.

Сядаюць.

Я з-за цябе на ўсіх, хто адвеку маўчыць, як на знямелых, глядзець стала. Нібы ўсё ведаюць, а не могуць сказаць. Камень. А раптам і ён? Сабака пярхае “пхла, пхла” – ясна, на блох скардзіцца.

Ян дзікавата засмяяўся.

Другі раз ты смяешся з таго самага часу.

Зазвінела крынічка.

Што табе, маленькая крынічка?

Звон.

Ведаць хочаш? Пра хлопчыка? I ведаць няма чаго. Жабравалі. Залез дурнічка ў магнацкі сад. Залатога яблычка захацелася. А там на яго хортых спусцілі: цюга яго! Цюга! I хто з іх за гэта спытае?

Мыкае Ян.

Правільна. Сабакі. Страшныя сабакі. З перапуду завязала яму язык. Так шэсць год ходзім. Цяпер вось дамоў.

Мяккі звон. Жабрачка ўстае.

Ну добра, добра, крынічка. Ты заставайся, мы пойдзем.

Ідуць. Жужжаць струны ліры.

За ўсіх бедных людзей

Па палёх яна ідзе...

Ідзе...

Ідзе...