Кастусь Каліноўскі

Знікаюць.

Уздымаецца заслона.

Бахарэвічы. Густы сад пры хаце Яўхіма. Апошнія дні жніўня. Пад дрэвамі, на лавах, проста на зямлі сядзяць людзі. Тут К а с т у с ь, які гладзіць па галаве нямога Я н а, Я ў х і м з ж о н к а й, Г а р э л і х а, М а р ц я в і ч у с, Ч о р т а ў Б а ц ь к а, А р с е н ь, В а с т р а в у х, З а р у б а, К а р а л і н а ў сялянскім адзенні. Трохі ўбаку – Ч о р н а я п л а к а л ь ш ч ы ц а. Вочы людзей глядзяць на адну постаць, наводшыбе ад усіх. Гэта Ц а п л і н.

А р с е н ь. Імем нашага народа я, старшынствуючы Арсень Станевіч, абвінавачваю палкоўніка царскай арміі Цапліна ў незлічоных ліхадзействах, якія ён чыніў тут і на магілёўскай зямлі, як супраць мірнага народа, так і супраць людзей, якія законна паўсталі за сваю волю, веру, бацькаўшчыну.

Вастравух. То праўда.

А р с е н ь. Мы выкралі яго і прывезлі сюды, каб людзі наваколля ўбачылі самі, хто ім вораг... Цаплін, устань, адказвай.

Ц а п л і н (з гонарам). Не ваша справа мяне судзіць, бандыты. Я сумленна выконваў загады майго цара.

Я ў х і м (уздымаецца). Цара?!

Яўхіміха. Нясе немаведама што.

Гарэліха. Цыганская твая праўда, пане. Мілуе цар, ды не мілуе псар.

Ц а п л і н (Арсеню). Мне здаецца, вы адукаваны чалавек. Скажыце гэтым тубыльцам, што калі рука ўздымае палаш, то абавязкова павінна быць галава, якая загадала ёй зрабіць гэта.

3 а р у б а. Ясна. А мы ж вам казалі...

Крык. Арсень ударае малатком па стале. Цішыня.

А р с е н ь. Яны паўсюль такія. Слугі аднаго пана... У чым вінаваціць гэтых слуг тваё наваколле, Яўхім?

Я ў х і м. Яны не далі нам зямлю. Калі народ пачаў шумець – чатыры вёскі выселілі ў Сібір ды ў Туркестан, у пустэчу. З немаўлятамі. Сэрца наша ад крыўды запяклося крывёй.

Яўхіміха. Вінавачу ў пажары Ганова.

Гарэліха. Дзетачак шкада. На гнаішчы ляжалі...

А р с е н ь. Ты, Вастравух.

Вастравух. Тапілі паўстанцаў у балотах. Вешалі за ногі.

Плакальшчыца. Грушы бачыла... Грушы на вербах... Доўгія... На вяроўках... Гайдаюцца...

А р с е н ь. Ты, Заруба.

З а р у б а. Ды халера на іх. Усё б нічога, але нашто яны нас абылгалі перад народам. Мы, бачыце, прыгон вярнуць хацелі.

А р с е н ь. Ты, Пархвен Бабаед па мянушцы Чортаў Бацька.

Чортаў Бацька. Язык яшчэ мазаліць аб падла тое... Спытайце замест мяне лукішскія шыбеніцы. Колькі соцень людзей яны зжэрлі.

А р с е н ь. Ты, Караліна.

Караліна. Што я магу сказаць? Зямля плача.

Плакальшчыца.

Нівы патаптаныя,

Дрэвы пассяканыя.

Гнёзды раскатаныя,

Свінец... Свінец...

А дзеці без хлеба,

А пажары – у неба,

Шыбеніцы ў неба.

Канец...

Канец...

А р с е н ь. Ты слухаеш, Цаплін?

Ц а п л і н (з гонарам). Я паўтараю. Ваша быдла яшчэ мала вучылі.

Паўза.

А р с е н ь. Устань... Кажы...

Устае Марцявічус, на якога страшна глядзець.

Марцявічус. Я вінавачу яго ад імя магілёўскай зямлі. На ёй цяпер сапраўды адны магілы. На дне Дняпра, безыменныя, ляжаць браты... Усё...