Кастусь Каліноўскі

К а с т у с ь. Ён вам, палкоўнік, нічога не сказаў пра свайго бацьку, якога вы павесілі...

А р с е н ь (да нямога Яна). Гавары.

Кастусь. Я скажу... За яго...

Паўза.

(Устае і кладзе руку на галаву Яна.) Я нямы, як мая зямля і як народ яе... Як кожны, народжаны ў свет, я хацеў шчасця. Я хацеў плесці вянкі, біць нагамі ваду на мелкаводдзі, вучыць літары ў школе, спяваць песні, араць нівы, пакрыкваць на коней. Хацеў абгаворваць з жонкай, ці не пара касіць. Хацеў благаславіць перад канчынай дзяцей на сваёй мове.

Ян хоча сказаць нешта.

Адна раніца адняла ў мяне ўсё гэта. Яблыка свяцілася над агароджай, як маленькае сонца. Я пацягнуўся за ім, забыўшыся, што сонца таксама не для мяне... Я ўцякаў, адчуваючы спіною гарачае дыханне сабак. Я хацеў крыкнуць – крыку не было...

Ян мыкае, хітаючы галавой.

Я нямы, як мая зямля і як народ яе... I калі за мяне хацелі ўступіцца – з’явіліся людзі ў мундзірах і пачалі страляць...

Ц а п л і н. Досыць! Даволі ўжо! Даволі!

Нямы цалуе руку Кастуся. Кастусь адказвае пацалункам ў галаву.

К а с т у с ь. Ты як мой сын. I для цябе я клянуся: ніколі ў жыцці ў мяне не будзе іншых сыноў, акрамя такіх, як ты. Я чалавек, я люблю, але пакуль я за адзін твой язык не вырву языкоў ва ўсіх тых, што цкуюць людзей сабакамі, – да таго часу я не буду ведаць ні сну, ні спакою, ні любові.

Уздымае нямога. Паўза.

А р с е н ь. Што хочаце сказаць?

Ц а п л і н (глуха). Я нічога не хачу сказаць.

У цішыні Арсень кладзе на стол пісталет. Марцявічус бярэ яго.

Марцявічус. Ідзі.

Выходзіць следам за палкоўнікам. Паўза. I тут з-за хаты выбягае задыханы х л о п ч ы к.

X л о п ч ы к. Дзядзька Яўхім! Салдаты з Ганова! Абходам!

Я ў х і м. Дзе?

X л о п ч ы к. У вёску заходзяць! З капітанам.

Я ў х і м. У яшчура загуляліся, вартаўнікі!

Паўза.

А збірацца больш трох... цар забараніў.

Паўза. I тут раптам Яўхім махнуў рукою.

Жаніцца і быдлу можна... Хлопцы, борзда!

Натоўп завіраваў. Людзі ўскочылі з месца, кінуліся ў розныя бакі. Нехта ўзмахнуў у паветры абрусам, і вось, нібы гэты абрус – абрус-самабранка, на сталах пачалі з’яўляцца ежа і “пітво”. Бразгаюць боханы хлеба, цвёрдыя тараны, коцяцца яблыкі, нехта высыпае рэшата вогненных ракаў. Людзі цягнуць пустыя сулеі, і Заруба, хэхэкаючы, налівае іх вадою з цэбра ля студні.

З а р у б а. А вось крынічнай... каб ад п’янства аж вочы вылезлі!

Сталы нагадваюць ужо галандскі нацюрморт, а людзі цягнуць і цягнуць “пітво” і ежу. Здалёк далятаюць крокі і песня.

Вастравух. Сто-ой! Што ж гэта за стол, каб вы спруцянелі! (Бярэ ракаў і растрасае іх па стале, ламаючы. Бярэ суляю з вадой і кропіць стол.) Дзе п’юць, там і льюць...

Крокі зусім блізка. I тут Яўхім ляпае далонню па лбе.

Я ў х і м. А жаніх?

З а р у б а. На вяселле паехалі, а жаніха ў гумне забылі. Малоціць!

Вастравух. Людцы! Абы выпіць!

Я ў х і м (глядзіць на Пархвена). Вось яно... Знайшліся... (Хапае за рукі Пархвена і Гарэліху.) Марш у галаву стала!

Чортаў Бацька. Што ты!.. Што ты!.. Ды я? Ды з ёю? То Зарубу, то мяне! Жартачкі?!

А р с е н ь. Трэ было не высоўвацца!

Вастравух. Пацягнулі бычка.

Гарэліха. Каб я, сумленная ўдава?! Ды з гэтым эфіёпам?!

Крокі ўжо зусім блізка. Пархвена і Гарэліху пасадзілі сілком, змайстравалі вэлюм, вянок з галінкі. Пархвену паклалі за вуха кветку. Выгляд у “пары” надта смешны.