Кастусь Каліноўскі

З а р у б а. Семярых прыжыла, а ўсё дзеўкай была.

Людзі размясціліся ў маляўнічых паставах. I вось ужо гэта сапраўды вяселле. Яўхіміха падае Кастусю кол.

Яўхіміха (Кастусю). А ты вастры кол!

Кастусь вострыць. I тут з-за хаты з’яўляецца капітан ф о н Ю н г е н з с а л д а т а м і. Натоўп за сталом прыйшоў у рух. Людзі п’юць і відавочна “п’янеюць”.

Я ў х і м. Бяседа нішто сабе!

А р с е н ь. Ты цёшчу на другі дзень набі, чым пад руку трапіць.

Чортаў Бацька. Дзеля чаго?

А р с е н ь. Так... Каб ведала.

Яўхіміха (да Гарэліхі). Плач, кажу табе. Плач.

Гарэліха (галосіць). А-а родная ж мая матачка! А-а сама ж ты йшла за роднага татачку! А-а мяне ж ты аддаеш за чужога мужыка!

Гамонка робіцца бязладнай, твары – чырвонымі. Ідзе геніяльная містыфікацыя. Гульны, п’яны, шалёны натоўп не звяртае аніякай увагі на афіцэра і салдат.

Яўхіміха. Горка!

“Маладыя”, вагаючыся, цалуюцца. Гарэліха непрыкметна сплёўвае. Шум сціхае.

А р с е н ь. Пі, кажу, пі, каб ты дзёгцю ўжо дзе была напілася!

Яўхіміха. Вой, упілася!

Вастравух. Пі!

З а р у б а. Білі мяне... малацілі... Вось вам і свята.

А р с е н ь (суцяшае). Ну і чорт з ім, што набілі. Свята без мучаніка не бывае.

Ю н г е н. Ці-ха!

Шум сціхае.

Чаму зборышча? Якая прычына? Чаму з сякерай?

Чортаў Бацька. Жанюся, паночак, выпі, не пагрэбуй. (Падносіць Юнгену чарку.)

Вастравух (шэптам). Здурэў, ёмашнік стары... Вада ж...

Ю н г е н (жорстка ўсміхаецца). Каму прапануеш, хам? Стайню забыў? П’яныя напіліся, халеры.

Чортаў Бацька далікатна дыхае ўбок.

Хто чалавек з сякерай? Што робіць?

Гарэліха (падкаціўшыся да яго). Госць... Аднадворац! Калок вострыць!

Ю н г е н. Нашто?

Гарэліха. А л-любенькі. Вядома нашто... (I засаромелася.)

Яўхіміха. Забіваць ля хаты жаніха будзем. Каб трымаўся моцна, як кол, – усё жыццё, аж пакуль не спарахнее.

Ю н г е н. Дзікуны.

I тут успыхвае сумная, прыгожая песня.

Яўхіміха.

Прывяжу я свайго коня

Да ліповага кола,