Кастусь Каліноўскі

Я ў х і м.

А сам пайду да каханай

У вясёлае кола.

Яўхіміха.

Прывяжу я свайго коня

Да адрыннай плятушкі,

Вастравух.

А сам пайду да каханай

На белы падушкі.

Ю н г е н. Ціха! Што за тлум? Які кол, мужыцкія морды? Як забіваць?

Каліноўскі падносіць кол блізка да салдат, торкае ў зямлю – у вачах ягоных небяспечная гарэзлівасць – і абухам пачынае заганяць яго глыбей.

К а с т у с ь. Вось як!

У вачах у Яўхіма злосць змянілася чымсьці чартоўскім, помсліва-вясёлым. Ён падыходзіць, нахіляе кол.

Я ў х і м. Не лезе! Вады падліць.

Яўхім хапае цэбар і вылівае пад кол. Цяпер яны б’юць з Кастусём у дзве сякеры. Пасля першага ж удару пырскае гразь. Удары мацнеюць. I раптам страшэнны струмень гразі ляціць на салдат і афіцэра.

Ю н г е н. Но!

Толькі хвіліну людзі стаяць страшна і сурова. Потым натоўп завірыў. А гразь пырскае і пырскае.

Чортаў Бацька. Жыве-е! Каб вам, бабачкі, Барданос сасніўся.

Закруцілася кола. Вяршыцца язычаскі страсны абрад “калка”. Урэшце ўсё змяшалася. Хто скача, хто коціцца па зямлі. Вось ужо ўтварылася “куча малая”. I грукаюць, грукаюць сякеры, пырскае гразь. I староняцца, староняцца салдаты і Юнген. I раптам, у той момант, калі салдаты ўжо зусім збіраліся пайсці, – глухі далёкі стрэл перарваў і вяселле, і музыку, і ўсё. Людзі застылі хто як быў.

Ю н г е н. Што гэта?

Паўза.

Салдаты, у ружжо!

С а л д а т ы выбеглі.

Я ў х і м. Ну, хлопцы, іншай дарогі нам цяпер няма... У ружжо!!!

КАРЦІНА СЁМАЯ

Кабінет Аляксандра ў Зімнім палацы. За вокнамі пахмурая асенняя Нява. Гарыць камін. Мякка прабіў недзе англійскі гадзіннік. У кабінеце граф М у р а ў ё ў і жандарскі палкоўнік Л о с е ў... I раптам варухнуўся, зрабіў крок наперад чалавек на партрэце цара. Толькі тады, толькі ў гэты момант мы разумеем, што перад намі не партрэт, а дзверы і жывы імператар, які заходзіць у пакой.

Аляксандр. Сядайце, панове. (У яго завучаны ветліва-абыякавы тон і сляпуча халодная ўсмешка.) Я задаволены разведкай і не задаволены ўладай. Я задаволены вамі, палкоўнік Лосеў, і не задаволены вамі, граф.

Л о с е ў. Я раблю сваю справу для вас, ваша вялікасць.

М у р а ў ё ў (паморшчыўся). А я раблю сваю справу не для вас, ваша вялікасць. Я раблю яе для ідэі імператарскай улады, якая – увесь ваш род і, адначасова, ніхто з вас... Магчыма, палкоўніку будзе няёмка чуць такое, але яна вышэй, бо яна – сімвал, ідэя.

Лосеў пачаў пакручвацца на месцы.

I таму я, напэўна, дрэнна раблю сваю справу для вас, але для яе – добра.

Аляксандр. Ідэйны чалавек... Прадстаўнік дзяржаўнай ідэі ў Заходнім краі... I ён кажа: “Хацелі неба на зямлі. Цяпер палова з іх у зямлі, а палова – паміж небам і зямлёй”.

М у р а ў ё ў. Кажыце далей, ваша вялікасць. Сказаў жа Пётр Валуеў, што бедным беларускім балотам дастаўся ва ўладары не бусел і не цурбан, а помесь таго і другога.

Аляксандр. Што гэта?

М у р а ў ё ў (пакасіўся на Лосева). Па-мойму, гэта дыскрэдытацыя той улады, якая прызначае намеснікам такую помесь... Па-мойму, гэта распуста...

Паўза. Лосеў глядзіць на Мураўёва з жахам і здзіўленнем.

Аляксандр. Міністр Валуеў сваё атрымае. Але караць можна і без вашых цынічных выхадак. Я зрабіўся прытчай ва языцах усёй Еўропы... Дзякуючы вам... Я, цараванне якога называюць добрым, які вызваліў народ... I вы... вы шуміце пра шыбеніцы ва ўсіх газетах... Я, урэшце, за-ба-ра-няю вам гэта.