Кастусь Каліноўскі

М у р а ў ё ў. Шыбеніцы? Тады заадно забараніце паўстанцаў.

Лосеў шумна пацягнуў ротам паветра.

Ваша вялікасць, вы, за якога я сто разоў рызыкаваў жыццём, зганьбіў сваё імя, зразумейце, мы на краі прорвы. Папярэдняе жорсткае цараванне павесіла пяць чалавек. Наша, добрае, распачало трэцюю тысячу... I правільна робіць... Таму што паўстанне на Беларусі і Літве робіцца м у ж ы ц к і м паўстаннем. Каб не я, каб не памылкі іхняга ранейшага камітэта – сёння існавала б ужо літоўска-беларуская р э с п у б л і к а.

Аляксандр. Я не дзіця, якое палохаюць букай.

М у р а ў ё ў. Гэта не бука... Гэта пажар...

Аляксандр (тонам загаду). I мне хацелася б, каб мае слугі ўсё ж не злоўжывалі пятлёй. Існуе Сібір.

Мураўёў. Я выселіў туды трыццаць тысяч чалавек, я сяку лясы, я выпальваю заразу. Але гэтага цяпер мала. Бо гэта ўжо не дваране, а народ! I калі Валуеву, Пятру-малому, малому нават у жорсткасці, не хочацца помесі бусла і цурбана – хай ведае: гаспадаром у гэтых балотах стане л е ў... Імя яго – Кастусь Каліноўскі...

Аляксандр. Мяне не абыходзяць вашы папяровыя львы... Мяне засмучае ваша палітыка. Разгул катаў! Даносяць! Падкідаюцьх зброю з мэтай правакацыі!

Лосеў устае і на дыбачках адыходзіць трохі далей.

М у р а ў ё ў (сумна). Куды вы? Мяркую, вы, Лосеў, не будзеце падобныя да тых, што перанеслі мой жарт гасудару?

Л о с е ў. Пастараюся...

М у р а ў ё ў. Пастарайцеся. Тым болын, гэта не зусім смешны жарт.

Аляксандр. Гуляць маім імем сапраўды не зусім смешны жарт...

Мураўёў. Я прывык за доўгае жыццё разграбаць гразь, каб рукі іншых былі чыстыя. Я нічога не саромлюся. Сілу апраўдваюць. Вучоныя, паэты – уся гэтая сволач. Вас – абеляць. Мяне – ніхто. Я не баяўся гэтага. Але цяпер мне кажуць, каб пальчаткі для гразі былі белыя. Я стары чалавек, і мне позна перавучвацца... Я патрабую адстаўкі.

Паўза.

Аляксандр. Вы не смееце нічога патрабаваць. Гэта я патрабаваў у вас. Аднаго. Менш публічнасці.

М у р а ў ё ў. Тады не трэба вешаць. Усе пяць з паловай мільёнаў павінны ведаць: вось што чакае таго, хто паўстае... Перадайце гэта, калі ласка, майму намесніку...

Аляксандр (менш рашуча). Гэта кажа хрысціянін.

М у р а ў ё ў. Хрысціянін не той, хто плача, чытаючы евангелле. Хрысціянін – гэта воін той армады, што завецца в а я ў н і ч а й ц а р к в о й... Ён павінен сячы галовы, іначай – беларусы пачалі ўжо клапаціцца аб гэтым – не будзе ні хрысціян, ні вас, гасудар.

Паўза. У голасе графа іронія.

Цяпер я стану хрысціянінам у в а ш ы м разуменні. Усе стануць мяне хваліць. Нехта мяне заменіць. А можа, самі згодзіцеся запэцкаць рукі ў крыві?

Л о с е ў. Граф!..

М у р а ў ё ў. Што, Лосеў... Я не саромлюся маіх слоў. I запамятайце іх... для сябе... Я нічога не баюся, гасудар, акрамя бога і сустрэчы з вашым святым бацькам на тым свеце. Ён з мяне спагоніць. Ён спагоніць і з вас. За вашы ўчынкі. За царства... Дагаворым там, гасудар.

Паўза.

Аляксандр. Як, вы казалі, прозвішча таго чалавека?

М у р а ў ё ў. Кастусь Каліноўскі.

Аляксандр. Паляк?

М у р а ў ё ў. Беларус, ваша вялікасць. Ён паставіў пад ружжо сто тысяч мяцежнікаў. Хай мой намеснік помніць, што дзяржава, вы – нічога не можаце яму зрабіць, а ён хістае імперыю, як хоча.

Аляксандр. Хто ён... Лосеў?

Л о с е ў. Амаль нічога не ведаем. Але ў кожным стрэле – яго рука.

М у р а ў ё ў. Гэта ўтрапёны фанатык, чалавек каменнай волі, вялікага розуму, таленту...

Аляксандр. Розум, талент... Колькі іх было?!

М у р а ў ё ў. Былі і да яго, але гэта асоба нечалавечай нянавісці да вас...

Аляксандр. I што?

М у р а ў ё ў. Ён таленавіты арганізатар, ваявода, публіцыст. Ён любіць сваю ідэю... Перадайце гэта майму намесніку, прызначце пенсію яго дзецям і развітайцеся з ім. Бо, калі так пойдзе, намеснік праз месяц будзе вісець пад Вострай Брамай.

Аляксандр. Ён хто?

М у р а ў ё ў. Мой намеснік? Не магу ведаць.

Аляксандр (глуха). Не жартуйце... Я пытаю пра Каліноўскага.

Лосеў. Выхаванец Пецярбургскага універсітэта... Дваранін... Паэт...

Аляксандр. I Пушкін пісаў вершы. Гэта – як хвароба.

Л о с е ў. Ён піша, вядома, куды горш.

М у р а ў ё ў. Але кожны нумар яго газеты – выбух. Перадайце гэта...

Аляксандр (ціха). Вы амаль давяршылі свой подзвіг... Што б вы ні рабілі – вы павялічваеце гэтым маю нязменную прыхільнасць да вас.