Кастусь Каліноўскі

М у р а ў ё ў. Дзякуй вам... гасудар!

Аляксандр. I злавіце, злавіце гэтага чалавека... Знішчыце гэты зброд... Павялічце ўдвая штат Лосева.

Мураўёў. Я – зраблю.

Л о с е ў. Вы зробіце, ваша сіяцельства.

М у р а ў ё ў. Іх мала знішчыць. Іх трэба яшчэ і прынізіць. Мёртвыя – жывуць.

Л о с е ў. Віленскі камендант скардзіўся: на полі, дзе хаваюць пакараных смерцю, – маўклівыя маніфестацыі... Магілы мы раўняем. I ўсё адно, кожны дзень стаяць людзі ў чорным. Моўчкі стаяць. Не плачуць... Страляць?

М у р а ў ё ў. Нашто? Проста зрабіце ім фізічна немагчымымі гэтыя наведванні.

Л о с е ў. Як?

М у р а ў ё ў. Ну... хаця б ачысціце за ноч усе прыбіральні Вільні і заліце гэтыя магілы слоем... Дастаткова чвэрць сажня... Прабачце, ваша вялікасць.

Л о с е ў. Ваша вялікасць...

М у р а ў ё ў. Нявіннасць не дазваляе? А гэта лепш чым кулі. Статак не хоча быць смешным.

Аляксандр. Ён ведае людзей, Лосеў. Трэба ўгноіць Заходні край для будучага пасеву.

Паўза.

Задайце... задайце ім.

КАРЦІНА ВОСЬМАЯ

Яшчэ да падняцця заслоны чуваць гарматныя стрэлы, залпы, воклічы. Калі заслона паднялася – мы бачым скарэжаную зямлю, на ёй сям-там трупы, кінутыя косы, апракінутыя гарматы і – далёка! – вёску ў агні. Гараць Бахарэвічы. На першым плане абгарэлы шкілет дрэва, на другім – некалькі салдат капаюць чарговую яму. Пад дрэвам сядзіць капітан ф о н Ю н г е н, піша.

С а л д а т. Дзевятую капаем.

Ю н г е н. Пэўна, досыць, па дваццаць шэсць на яму. Капец. (Апусціў Note bene ў скураной вокладцы.) Ну што данясеш? Разбілі пераможна палком – пагана ўзброены атрад.

С а л д а т. Вядуць.

3 левага боку салдаты выганяюць на сцэну невялікі натоўп жыхароў спаленай вёскі. Пераважна старыя і жанчыны. Сярод апошніх – Я ў х і м і х а, баба Г а р э л і х а.

Ю н г е н. Ну што, мужыкі. Дастукаліся... Давядзецца замест сваіх бяроз чужыя піхты пілаваць... А замест торфу – біць кіркой у рудніках руду чужому дзядзьку.

Натоўп маўчыць. I раптам вокліч. 3 правага боку к а н в о й выводзіць п а н а З а р у б у, В а с т р а в у х а і Я ў х і м а Б а р д а н о с а. Вастравух паранены ў галаву: праз павязку выступае кроў. Заруба і Барданос вядуць яго. Палонных паставілі перад Юнгенам. Левая рука Яўхіма бязвольна звісае.

Юнген. Ну?.. Што?..

Я ў х і м. Нічога, пагулялі ладна.

Ю н г е н. А як наконт расплаты?

Я ў х і м. Мы людзі з гонарам. Карчму разнеслі, то неяк і за чарапкі заплоцім.

Злавесная цішыня. Парушае яе салдат, звяртаючыся да фон Юнгена.

С а л д а т. Мы зносім трупы.

Ю н г е н.

Паглыбей

Забітых закапайце, каб ваўкі

Касцей не расцягнулі.

Вастравух (злосна).

Воўк нічога.

Прынамсі ён хлуслівым чорным словам

Не пэцкае імён герояў.

Ўсё гэта людзі зробяць... Зробіш ты,

Халуй.

Ю н г е н (іранічна).

Зараз упадзе,

А брэша, недабіты, гнойны пёс.

Вастравух адштурхоўвае сяброў.

Вастравух. Пусціце!.. Сам...

(Пахіснуўшыся трохі, ён умацаваўся і стаў цвёрда.)