Кастусь Каліноўскі

А то яшчэ ён збрэша,

Што я, калі мяне на смерць вялі,

Пручаўся і нагамі дзве дарожкі

Да месца праараў.

Ю н г е н.

Ты, Вастравух,

Падумай: варта заплаціць жыццём

За слова вострае, за жарт дурны?

Вастравух.

Хай будзе слова, як няма кінжала.

Ю н г е н.

Мне ад цябе не вельмі многа трэба.

Скажы адно: хто вамі кіраваў,

Хто прысылаў для вас наказы з Вільні,

Хто ўгаварыў вас падтрымаць мяцеж?

Я ў х і м.

Да сэрца дабіраюцца – маўчы.

Ю н г е н.

Адно імя... I я тады палонных

I ўсіх сялян адразу адпушчу.

Я ў х і м.

Да сэрца дабіраюцца – маўчы!

Яўхіміха.

Угаварыла беднасць. А наказы

Нам голад прысылаў.

Вастравух.

А кіравала

Усімі намі ярасць. Вось і ўсё.

Ю н г е н (да Яўхіміхі).

У беднасці вы самі вінаваты.

Народзіце дзяцей – а потым лямант:

“Зямлі няма!”, “Галеча!”, “Усё паны!”