Кастусь Каліноўскі

I тут узмывае страшная, на мяжы голасу і адчаю, песня-лямант “Дарота”.

А Дарота крыж нясе

Па сцюдзёнай па расе,

Па папёлах стылых,

Па пажарах дымных

Нясе...

Нясе...

За ўсіх бедных людзей

Па палёх яна ідзе...

Ідзе... ідзе...

Беларусь. Глядзіце! Успомніце! Прыходзіць час!..

Уздымаецца заслона. Закінуты вадзяны млын пад Бахарэвічамі. Грэбля парасла дрэўцамі, лес прысунуўся амаль да самых сцен... Чортаў Бацька і баба Гарэліха глядзяць у глыбіню сцэны, адкуль чуцен далёкі шум натоўпу.

Гарэліха. Куды гэта народ сыпануў? Га, Чортаў Бацька?

Чортаў Бацька. Паўстанца ловяць... ІІаныча... Ішоў нібыта па дарозе сюды.

Гарэліха. А Яўхім наш... Сокал-мужык!..

Чортаў Бацька. Над пешым арлом і варона з калом... Але нішто – сокал....

З’яўляецца падарожны вандроўнік у лапленай сялянскай світцы, з торбай за плячыма, з трохгранным кіем у руках. Бахматая галава, густыя бровы, доўгія вусы.

Падарожны. Дзень добры на славу божую.

Чортаў Бацька. Ветлівы... Па-нашаму... Здароў, вандроўнік.

Падарожны сядае побач з імі.

Хто будзеш?

Падарожны. Павей-вецер, дзядзька. Хаджу, зямлю нагамі штурхаю.

Чортаў Бацька. Я і гляджу, лёгкі ты на хаду. Як ляціш...

Падарожны. Што, сябры, ці не было тут хлопца, светлавалосага такога, высокага?..

Чортаў Бацька. А табе чаго?

Падарожны. Ды так... Таварыша павінен быў тут сустрэць.

Гарэліха (бурчыць). Сустрэнецеся ў ката на дыбе... Носіць тут...

Чортаў Бацька. Змоўч ты, Гарэліха... Гэта наш чалавек... Мужык.

Падарожны. Дзякуй, добры чалавек... Ну, як тут у вас жыццё?

Чортаў Бацька. Не жыццё, а выццё...

Падарожны. Паўсюль так. Сам бачыў. А мураўёўцаў не чуваць?

Чортаў Бацька. Каго?

Падарожны. Новага намесніка цар прызначыў. Мураўёва. То яго салдаты.

Чортаў Бацька. Не чуваць. А ў наваколлі паляць-такі вёскі.

Падарожны. А што народ?