Кастусь Каліноўскі

Як быццам вам паны дапамагалі

У гэтай справе.

Яўхіміха.

Гэ-эх, панок... панок...

Бог любіць нас і дорыць нашы хаты

Дзіцячым крыкам і дзіцячым смехам.

I ганарыцца вам прычын няма.

Усё жыцце вы плавалі ў крыві,

А бог вас пакараў за грэх ваш цяжкі.

Таму яны й пустыя, вашы хаты,

I рэдка ў іх гучыць дзіцячы смех.

С а л д а т (Юнгену). Ваша высакароддзе сказалі па дваццаць шэсць...

Ю н г е н. Ну.

С а л д а т. Памылачка атрымалася. Выкапалі лішнюю магілу.

Ю н г е н. Чакай, колькі забітых?

С а л д а т. Іхніх – восемдзесят. Нашых – сто дваццаць восем.

З а р у б а. Дрэнная прапорцыя.

Ю н г е н. Што?

З а р у б а. Ваюем дрэнна. Шэлег нам цана. Нас на Гродзеншчыне не больш дзвюх тысяч са зброяй. Вас – дзесяць.

Ю н г е н. Апошні раз пытаю: хто?

Вастравух. Голад! Рабства!

Паўза.

Ю н г ен. Салдаты, слухай маю каманду!

Паўза.

Магіла пустой не застанецца. Гэтых трох – туды.

Агульны ўздых.

С а л д а т. Ваша высакароддзе...

Ю н г е н. Шпіцрутэнаў захацелі... Вядзіце.

З а р у б а. Нашто весці? Мы – самі. Мы скакаць будзем, туды ідучы.

3 асуджанай рашучасцю ўзяліся за плечы. Павольна закруцілася, пачало рухацца да ямы страшнае кола. Ногі намацваюць такт. Знайшлі. I толькі тады прыходзіць музыка, хуткая, але грозная, падобная і не падобная на звычайныя гукі “Мяцеліцы”.

Курыць, вее мяцеліца,

Чаму стары не жэніцца.

– Як жа яму жаніціся?

Усе будуць дзівіціся.

Ух, ух, уха-ху!