Кастусь Каліноўскі

Ю н г е н. А што ты, хаме, зведаў?

Я ўхім.

А тое! Краем правіць Сатана.

Ты, капітан, і твой Мураш Паскудны,

I ваша банда, і царок ваш снулы.

Ты пачакай, яму яшчэ за нас

Павытаргаюць ногі са...спіны.

Вастравух. То спраўдзіцца.

Ю н г е н. Салдаты! Закапаць!

Паступова сыплецца з-пад рыдлёўкі зямля. Загаласілі бабы.

Я ў х і м.

Цыц, бабы, не рвіце наша сэрца.

Спакойна дайце нам сустрэць канец

I весела...

Гарэліха. Змоўч, людзі... з імі бог...

Яўхіміха.

А гэтым – гонару занадта многа,

Каб перад імі плакаць... Змоўч, народ.

Цяпер цішыня вісіць над галовамі людзей. Зямля дастае смяротнікам амаль да плячэй.

Вастравух (Яўхіму). Бачыш, а ты мяне засячы хацеў... “Пан, пан...” У адной зямлі... стаяць будзем.

Я ў х і м. А можа, табе і лягчэй было б?

Вастравух. Ну не. Памерці растаптаным, як я тады? Так я хаця чосу ім даў...

Заруба вышэй за ўсіх, астатнім зямля дастае да рота.

Я ў х і м. Гэй, Заруба, ты й тут выгадаў... каб я табе прысніўся.

З а р у б а. Прысніся, брат, я тады адразу ўваскрэсну. Ад жаху.

Зямля падае Зарубу на галаву. Ён адплёўваецца.

Гэй, афіцэр, каўбаса гарохавая... Можа быць у смяротніка апошняе жаданне?

Ю н г е н. Ну?

З а р у б а. Я служыў паручнікам. Ты – капітан. Ці нельга саступіць сваё месца старэйшаму па чыну?

I ўсё. Замест людзей – капец зямлі.

Ю н г е н (да натоўпу). Ну як?

Маўчанне.