Кастусь Каліноўскі

КАРЦІНА ДЗЕВЯТАЯ

Задні пакой за модным магазінам, які належыць Юзэфе Яневіч. Пад манекенамі доўгія рагожныя цюкі са зброяй. Тут жа сядзіць А р с е н ь, узброены лупай; рэжа на гуме штамп, робячы пробныя водціскі. Кастусь сядзіць за сталом, гамонячы з Каралінай, Чортавым Бацькам, Марцявічусам.

Кастусь скандуе.

К а с т у с ь. Сачыніцель папулярных баек, з камітэта адказны таварыш, паважаны Арсенька Станевіч...

А р с е н ь. Чаго табе?

К а с т у с ь. Маніфест аб зямлі, які вы адрэдагавалі, на-дру-ка-ва-ны... вось... Трыста экземпляраў на Міншчыну...

Чортаў Бацька (уздыхае). Зямля-зямля...

А р с е н ь. Добра.

К а с т у с ь. Як пячаць?

А р с е н ь. Зараз скажу. Будзе – хоць падарожныя фельд’егерам адмячай.

К а с т у с ь (скандуе). Паважаны фальшываманетчык і падробнік дзяржаўных пячацяў. Да чаго ж ты, браток, дакаціўся?!

А р с е н ь. Змоўч, чапяла.

Чортаў Бацька. Сапраўды, як дзіця малое.

Караліна (з дакорам). Хлопцы... Вы ж ведаеце, к а л і ён вершы піша, вершамі гамоніць...

Я н е в і ч. Вершамі жартуе.

А р с е н ь. Знайшоў час жартаваць...

К а с т у с ь. Лягчэй вам стане, калі я плакаць буду? Жартуйце, хлопцы, жартуйце... Каб не вершы, не жарты – ета ж проста нам усім перавешацца трэба было б... самім... не чакаючы мураўёўскай ласкі... От, пэўна, узрадаваўся б! (Цытуе.) “З-за адсутнасці здаровага смеху ўрад паўстання перавешаўся ў поўным складзе”.

Караліна. Каліна, не трэба...

К а с т у с ь. Сонца з месяцам ззяе на небе. На зямлі – адно толькі сонца. Каралінай яно завецца... Подлых змоўшчыкаў святлом сагравае.

Я н е в і ч (ціха). Сэрца збалелася, на цябе гледзячы... Не забыў жа... Не...

Паўза.

К а с т у с ь. Я, матулечка, усё помню... Я – не з тых, што забываюць...

Паўза.

Рыгнецца ім яшчэ за жыўцом закапаных, за дзярмо на святых магілах... Адальюцца кошцы мышчыны слёзкі... I не дзярмом – крывёю.Вось яно як.

Паўза.

I таму працаваць, хлопцы, працаваць.

Званочак. Я н е в і ч выйшла. Кастусь выняў з цюка штуцэр, прыцэліўся.

Дзіва штуцэры. Адвязём на Слонімшчыну.

Марцявічус. Згода.

Кастусь. А тыя няхай зэльвенцы возьмуць.

Заходзіць Я н е в і ч.

Я н е в і ч. Ф-фу-у. Удружыў ты мне, Кастусь, дружок, гэтым магазінам... Бабы прыходзяць дурныя, як курыцы.

К а с т у с ь. Гаспадыня моднага салона, найяснейшая пані Яневіч, пацярпіце дзянёк, калі ласка, накіруем мы вас у Варшаву: аднаўляць з “чырвонымі” сувязь.

Я н е в і ч. Праўда?

Кастусь. I “чырвоныя” ў Варшаве – праўда. I паездка – праўда... Караліна!

К а р а л і н а. Што?

К а с т у с ь. Добра ты гукі вымаўляеш. (Хітнуў галавою.) Справа для цябе.

К а р а л і н а. Ну...