Кастусь Каліноўскі

К а с т у с ь. Імператар Аляксандр другі, вялікі князь Самагіцкі, гасудар і вялікі князь Абдорскі і Кандзійскі, наследнік Нарвежскі, Дзітмарсенскі і прочая і прочая зволілі прыняць катэгарычны імператыў графа Мураўёва, вялікага князя Самаедскага, гасудара Шыбеніцкай зямлі, Лобных месцаў і прочая – аб разгроме і рэпрэсіях. (Ідзе да непрыкметных дзверцаў і дастае адтуль два чамаданы.) У адказ на гэта найбольш небяспечная з калматых нігілістак беларускіх, Караліна, па мянушцы Крывавы Кінжал, павязе ў горад Мінск гэтыя шрыфты.

Караліна. Нашто?

К а с т у с ь. Каб падкласці іх пад трон начальніка мінскага акцыза.

Чортаў Бацька. Хай узрываецца.

Марцявічус. О, выбуховая моц беларускага вольнага слова!.. Гекзаметрам загаварыў.

Караліна. Сур’ёзна.

К а с т у с ь. Дрэнна... (Голас ягоны сеў.) Рэпрэсіі. Сярод калег – слабіна... Трэба зноў звязваць людзей... як сноп... дарагое маё перавясла...

Званок ля дзвярэй магазіна.

Я н е в і ч. Зноў... Адны гускі ды аслы ходзяць... (Выйшла.)

Караліна. Я зраблю.

К а с т у с ь. Ведаю... (Да Арсеня.) Падрыхтуй, Арсень, загад. На кожнага павешанага паўстанца падпольны ўрад адкажа ўдарам кінжала... Няўхільна... Няўмольна... Адразу...

Марцявічус. Даўно пара...

Я н е в і ч (у дзвярах). Кажу, нельга.

У дзвярах Вітаўт і Марыя Грэгатовіч.

В і т а ў т. Свае. Трэба.

Зайшлі. Паўза.

К а с т у с ь. Ах-х, вось яшчэ не было... Вітаўт!.. (Ціха.) Нашто прывёў старонняга?

В і т а ў т. Ну-у!.. В-ведаеш! Табе ўнаравіць... як графскаму сабаку... Табе што, жыццё сваё – капейка?.. Я прыйшоў, каб вы-ра-та-ваць яго... Мала гэтага?.. Зразумеў? I ўсё! I досыць!

К а с т у с ь. Зразумеў... Але гэта канспіратыўная кватэра. Я магу памерці – камітэт павінен жыць...

В і т а ў т. То і памрэш...

М а р ы я. Пан Макарэвіч... Не трэба яго... Я ў адчай прыйшла, пакуль яго адшукала... Горад аббегала...

К а с т у с ь. Спакойна, Марыя. Што такое?

М а р ы я. Надвячоркам зайшла суседка... Прасіла не выдаваць... Па сакрэту сказала, што ўжо ва ўсіх на тым баку вуліцы правяралі дамавыя кнігі, што заўтра будуць у астатніх... У нас... Я пайшла да мадам Салье... (У адчаі.) Выявілася, што ўлады шукаюць слядоў Макарэвіча... Яны ведаюць, што ён і Каліноўскі – адно...

Чортаў Бацька. М-маем.

А р с е н ь. Значыць, табе нельга вяртацца на Антокаль, Кастусь.

Паўза.

М а р ы я (зусім ціха). Вы на Антокалі? I не маглі знайсці... Што ж, я зрабіла ўсе, што магла: заліла чарнілам ліст у дамавой кнізе маці.

А р с е н ь. Чортаў Бацька, давай бланк.

Чортаў Бацька дастае з-пад маснічыны нейкія паперы.

Чортаў Бацька. На.

Караліна падышла яшчэ бліжэй да Кастуся і Марыі.

М а р ы я. Я ненавіджу гэтую вашу... справу. Але я зрабіла гэта.

Ка с т у с ь. За што ненавідзіце?

М а р ы я. Яна адбірае вас ад мяне. Якраз у той дзень, калі я зразумела, што... кахаю вас... – вы зніклі з флігеля на Антокалі: пайшлі, відаць, у гэтую сваю... справу... Яна і цяпер адбірае вас, дае мне замест шчасця штодзённае гора.