Кастусь Каліноўскі

Я н е в і ч. А тое... Не любоў галоўнае ў ім. Зайздрасць!

К а с т у с ь. Рэўнасць, цётка... Рэўнасць да катаржнай працы... Хай працуе.

Я н е в і ч. Не вер!

Кастусь. Ён – чалавек. Я не магу не верыць чалавеку.

Паўза.

(Кастусь паказвае на чамаданы.) Бяры. Чакай на кватэры інструкцый.

В і т а ў т. Дзякуй... Кастусь.

Пайшоў В і т а ў т.

А р с е н ь. Позна ўжо. Нам – час.

Я н е в іч. Ідзіце... Я вас – выведу.

Усе пайшлі. Толькі Караліна трохі затрымалася.

Караліна. Ты добра падумаў?

К а с т у сь. Трэба ратаваць чалавека... Як яно радзее, кола сяброў... Але г э т а г а я адчаю і злосці – не дам.

Караліна збіраецца ісці.

Скажы мне, сланечнік... Ты мне з самага таго дня не гаварыла.

Караліна. Што?

К а с т у с ь. Ты ведаеш, што...

I тады Караліна традыцыйным жэстам прыкладае кулачок сагнутай левай рукі да сэрца.

Караліна. Люблю... Беларусь.

К а с т у с ь. То ўзаемна... узаемна.

КАРЦІНА ДЗЕСЯТАЯ

Канцылярыя ў мінскай жандармерыі. Ноч. Гарыць толькі адна свечка. Стол падзяляе дзве фігуры. Гэта Лосеў і ПарафіяновІч. Ідзе допыт.

В і т а ў т. Вы нічога ў мяне не знайшлі... Я пратэстую супраць арышту!

Лосеў. У с е гэта патроху робяць.

Вітаўт. Я – гэта не ў с е.

Л о с е ў. У вас – як ва ўсіх – дзве нагі... Цалкам прыдатныя, каб мераць камеру... У с е – мераюць. То чым гэта вы такі адметны перад дзяржавай?..

В і т а ў т. Без здзекаў!.. Я вам – не хлоп-чык!

Паўза. Лосеў раптам усміхаецца... Усмешка страшнаватая.

Л о с е ў. Гм... Магчыма... А я вось здзіўляўся, нашто арыштавалі такое дзіця?.. Дурасць!.. Што яно магло небяспечнага нарабіць у сваім узросце?

В і т а ў т (з гневам). То чаму арыштавалі?

Л о с е ў. Таму што, калі ідзе звычайная праверка, невінаваты не шукае чорнага ходу з кафэ. Чаму б гэта?

В і т а ў т. У вас жа прынцып: вінаватага і дурань пакарае. Ты невінаватага пакарай – вось у чым сапраўдная дзяржаўная веліч.

Л о с е ў. I тое праўда... Прымітыўна – па ўзросту, – але ўмееце думаць. Глядзіце вы! Можа, вы сапраўды большая асоба, чым я меркаваў?

В і т а ў т. I што?

Л о с е ў. А тут яшчэ пашпарт на ваша імя знайшлі сярод папер забітага паўстанца Далеўскага. Чаму б гэта?

В і т а ў т. Адзін Гаўрыла ў Полацку... Аднафамілец.

Л о с е ў. I тое... Другі аднафамілец, па чутках, Магілёўшчынай кіраваў.

В і т а ў т. Парафіяновіч – распаўсюджанае прозвішча.

Л о с е ў. Канечне. Хіба мог юнец кіраваць такой махінай? Вам колькі?