Кастусь Каліноўскі

В і т а ў т (праз зубы). Дзевятнаццаць.

Л о с е ў. Небяспечныя бываюць цёзкі... хлопчык... Вы – не з тых. Вам, дзіця маё, трэба славу любіць... жанчын... Карыстацца іх узаемнасцю. Вы – прыгожы... хлопчык.

В і т а ў т. Я магу вас папрасіць адмовіцца ад гэтага ідыёцкага звароту?

Л о с е ў. Т а к... Канечне... мой юны друг...

Паўза.

Дык вось, я наконт пашпарта магу вам паверыць... Але сістэма – не. Трэба зрабіць лянівай яе бязлітасную памяць. Можа, ведаеце хаця што-небудзь?

В і т а ў т. Адкуль?

Л о с е ў. Ну, не ведаеце – не трэба... Я гэта пра дробязь... Каб улады маглі праявіць звычайную мяккую паблажлівасць і аддаць вас на парукі бацькам... малады чалавек.

В і т а ў т. Лічыце, што маладосць перашкаджае рабіць вялікія... (Асекся.)

Лосеў глядзіць на яго.

Лосеў. Т -так... То бок – не... Я проста лічу, што вашаму ўзросту не вялікія справы, а каханне... Жанчыны, што праўда, любяць моцных, нязломных мужчын, але і ваша тонкая... тандэтная прыгажосць павінна ім падабацца...

В і т а ў т (гледзячы ва ўпор). Гэта да чаго?

Л о с е ў (усміхаючыся). Ні да чаго. (Канфідэнцыяльна.) Шукайце жанчыну – кажа мая сістэма. I вось я, стары сыскны сабака, не ведаю, як гэта дастасаваць да вас... Якія вакол вас могуць быць жанчыны? Так, паненкі. Яны пішуць у альбомах, мараць аб прынцах і таму... павінны любіць вас.

В і т а ў т. Канечне. Што я, пачвара?

Лосеў. Т а – а к... Вельмі павінны. (Скоса глядзіць на Вітаўта, які нервуецца.) Шкада мне! Хаця б трошачкі ведалі... Хаця глупства... Ад сістэмы адчапіцца.

В і т а ў т. Я нікога не ведаю.

Л ос е ў. Шкада... Таму што гульня скончана, хлопчык... А ўлады ў такіх выпадках не жартуюць. На Магілёўшчыне – правал, пад Бахарэвічамі – правал, Белы жонд ад... вас адхіснуўся. Разумныя!.. Не з хамамі ж ім блакіравацца?.. Хаця б нехта... Сказаць аб ім – і ўсё...

В і т а ў т. Я нікога не выдам.

Л о с е ў. Стоп! Як так не выдам? Вы ж толькі што сказалі, што нікога не ведаеце... Га?

Паўза.

В і т а ў т. Я гэта... у тым сэнсе, што... не ведаю.

Л о с е ў (са знішчальнай пагардай). Фінціць пачынаеце... шчанюк? Выкручваецеся, баязлівец... Трус! Насцеражылі свае маленькія, мякенькія вушкі... мужчына, які так і не адбыўся? Лічылі, пэўна, што велічыны. А вам сапраўды паненкам у альбомы пісаць.

Паўза.

Вітаўт (з гонарам). Досыць, вы!.. Даўно мне хочацца кінуць у вашу... пысу пару сапраўдных слоў. Але зарубіце на сваім фіскальным носе, што я... я адзін буду адказваць... Што я ні-ко-га не прадам, бо я не з бітых кантаністаў, як вы, і не з хамскіх падпявал, як іншыя...

Л о с е ў (ціха). Хм...

В і т а ў т. Я дваранін, я рыцар, і ў мяне свой саслоўны гонар... Так што можаце не нюхаць далей мяне. Дарэмна стараецеся.

Паўза.

“Мой юны друг...” “Хлопчык”. Вас у мае дзевятнаццаць год розгамі хвасталі... Вы тады для фельдфебеляў па піва бегалі... хам... А я батальёны, палкі вашы, як трусікаў, ганяў... Я... Трус... Я – Парафіяновіч, камісар Магілёўскай губерні.

Л о с е ў (з удаванай уражанасцю). То гэта – вы?

В і т а ў т. Я!

Паўза.

Л о с е ў. Каледа старая... То гэ-та, значыць, вы?.. Сапраўды рыцар. Муж... I гэта пры такой маладосці.

За тонам бязмернай павагі ў яго словах гучыць страшны, бадай непрыкметны здзек, але Вітаўт яго не заўважае. Вочы яго гараць, твар амаль прыўкрасны.

Я памыліўся з альбомнымі паненкамі. Т а к о г а вас і Жанна д’Арк пакахала б...

Паўза.

Чым жа вы маглі стаць, калі ўжо зараз?!

В і т а ў т (глуха, горда і спакойна). Цяпер ужо нічым.

Л о с е ў. Талент дзяржаўнага мужа. У яго дзевятнаццаць год?