Кастусь Каліноўскі

В і т а ў т. Мы – усе маладыя.

Лосеў. Т - т а к... I пры такіх здольнасцях увогуле – другарадная роля. Інспектар малаважнай губерні. Нейчы папіхайла... Паштальён чужых загадаў.

В і т а ў т. Я паштальён, і я... ганаруся гэтым.

Л о с е ў (пільна гледзячы на яго). Т - т а к... Другі раз у самыя небяспечныя месцы. Фарпост Магілёўшчыны. Асуджаны на смерць Мінск... Як знарок...

В і т а ў т. Значыць, вераць: магу.

Л о с е ў (узважваючы словы). Ой не-е... Нешта не тое. Вы што, не ведалі, едучы, што тут – усё... што ехаць сюды можа толькі смяротнік?

В і т а ў т. Не.

Л о с е ў. Скажыце, а ў кіраўніцтве – я не пытаюся пра імёны – не было нікога, з кім у вас былі старыя звады?

В і т а ў т. У мяне няма ворагаў.

Л о с е ў. У кожнага ёсць ворагі... Толькі высакародны іх не заўважае. Няўжо вы думаеце, што я, напрыклад, аддаў бы заваяванае мною месца без барацьбы?.. Нават больш вартаму яго...

В і т а ў т. То – вы...

Л о с е ў. О-ой, друг... Па-адумайце над прычынай, чаму вас піхаюць у небяспечныя месцы, як цар Давід – Урыю... Ну, там зразумела, жонка Урыі спадабалася цару... А вы?

Вітаўт здрыгануўся, і Лосеў заўважыў гэта.

А можа, і сапраўды жанчына. Вы ж малады, прыгожы, адважны... словам, небяспечны.

В і т а ў т (з ноткай хістання). Не.

Лосеў. Т-та-ак... Жанчын вы не дзя-лі-лі... А як наконт славы?

В і т а ў т. Мы не кар’ерысты.

Л о с е ў. Рэвалюцыя – адна з самых хуткіх кар’ер. Няхай за кошт рызыкі... I раптам – побач мацнейшая фігура...

В і т а ў т. Н-не...

Л о с е ў (з узрастаючай упэўненасцю). Ён мог заўважыць, што пешка стала прахадною і можа зрабіцца ферзём паўстання.

В і т а ў т. Не хлусіце на высакародных людзей.

Л о с е ў. Крый божа. Я ж і не пытаюся імён... Не скажаце. Не з тых... Скончым допыт... Толькі ў пратакол запішу. (Піша.)

На Вітаўта з кожнай хвілінай страшней глядзець.

(Разважліва.) Подла... Адкупіліся вашай галавой... Прахадная пешка. Ведалі, што не прадасцё, загінеце адзін... I загінеце адзін... I загінеце... Слаўны, мужны вы чалавек. (Піша.) Стары метад гнюсных палітыкаў. Урыю – пад стрэлы, лаўры ягоныя – на чало, жанчыну – да сябе ў ложак... (Амаль пад нос.) Магчыма, якраз цяпер... Такія гэта ўмеюць...

В і т а ў т. Не! Не! Не!

I тут Лосеў устае, нагінаецца, у вачніцах яго цені.

Л о с е ў. І-мя?!

В і т а ў т. Я ненавіджу! Я заўсёды ненавідзеў яго!

Л о с е ў. І-мя-а!

В і т а ў т. Жыў пад прозвішчам Макарэвіча. Цяпер? Здаецца... Ві-та-жэ-нец.

Л о с е ў. Імя!

В і т а ў т. Жыве ў Свентаянскіх мурах.

Л о с е ў. Імя.

В і т а ў т. Кастусь Каліноўскі.

АКТ ТРЭЦІ