Кастусь Каліноўскі

Чортаў Бацька. А што народ! Народ паноў б’е...

Падарожны. Якіх паноў?

Чортаў Бацька. I вінаватых, што паўсталі, і невінаватых.

Падарожны. Ды нашто?

Чортаў Бацька. Невінаватых пад шумок. Усё лягчэй мужыку. Тым больш – разбірацца не будуць. Унь мужыкі сёння пана Зарубу на хутары вырашылі памацаць. А вінаватых, злачынцаў царскіх, тых, што ў лясах са зброяй, – тых цар загадаў.

Падарожны. Як цар?

Чортаў Бацька. Поп казаў у нядзелю, што, маўляў, гэта паны, што прыгон вярнуць хочуць. Цар вызваліў, дык яны паўставаць. З амбону казаў – не брэша.

Падарожны. Дык гэта ж няпраўда...

Чортаў Бацька. А ты хто такі, што лепей за папа праўду ведаеш?

Падарожны. Поп нават пра дзяцей сваіх усёй праўды не ведае. Пра тую праўду спытай у пападдзі ды ў паповага найміта.

Чортаў Бацька. Гэ... Наконт нашага папа – як у ваду глядзеў...

П а д а р о ж н ы. То што ўсё ж вашы мужыкі рабіць збіраюцца?

Гарэліха. Скора ўбачыш.

Падарожны відавочна непакоіцца.

Падарожны. Чаго-то вы тут седзіцё? Як прыклееныя, як госці... “Надвор’е якое цёплае. Каб быў госцем – даўно б дахаты пайшоў”.

Чортаў Бацька. Ды тут зараз народу будзе – поўна... О! Спаймалі-такі... Вядуць...

Здалёк чуваць гоман натоўпу.

Падарожны. Хто вядзе? Каго?

Чортаў Бацька. Царскага злачынца. Яўхім, мужык наш, аблаву на яго збіў... Хто за цара і бога – бі паноў.

3-за дрэў сыпануў на прагаліну віруючы сялянскі натоўп: бабы, мужыкі, дзяды. У руках цапы, доўбні, сякеры. Вядзе натоўп Яўхім Барданос, сталы, страшнаватага выгляду мужык. 3 ім ягоная ж о н к а з аглаблёй. Пярэднія мужыкі цягнуць Вастравуха. Яму, відаць, давялося паспытаць кухталёў. За імі другія цягнуць звязанага 3 а р у б у. Народ кіпіць.

Я ў х і м. Цягні іх, хлопцы! Бі! Сячы галовы!

Яўхіміха. Бач ты, з іхніх зажывошчаў нам хаты спаляць. Зброю ім! Прыгон!

3 Вастравуха зрываюць перавязь.

Г а л а с ы. Злодзей нясыты! Чамарка панская! Давай тапор! На пень яго! На пень!

Падарожны, рассоўваючы людзей, ідзе да пня.

Падарожны (ціха). Вастравух... Бог ты мой, што з табой зрабілі?!

Вастравух (спакойна). Хрыста таксама распялі людзі, для якіх ён жыў.

Перад ім стае Яўхіміха.

Яўхіміха. А ты галодны рот печкі бачыў, Хрыстос?

Вастравух. Баба бедная, гэта ж мы за вас... Супраць бацькоў сваіх... за вас!..

Яўхіміха. Пан мужыку тлумачыў: “Гэта, мужык, атлас”. А мужык яму: “Ад нас, паночку, ад нас”. (Са страшнай іроніяй.) Ты – пан. Ты “за нас”, як воўк за авечую шкуру.

Маўчанне. Вастравух зразумеў. Стае на калені перад пнём.

Вастравух. Што ж, вазьміце жыццё. Яно – ваша.

Яўхім бярэцца за сякеру. Падарожны праціснуўся да яго. Якраз у гэты момант з’явіліся на грэблі Арсень Станевіч і Караліна.

А р с е н ь. Вядзі хутчэй да ваяводы. Тэрміновыя весткі з Вільні, панна Караліна.

Караліна. Ды Вастравух якраз тут, ля млына, павінен быў сустрэцца з кімсьці...

А р с е н ь. З ім якраз...

Караліна (убачыла людзей). Божа!.. Арсень, глядзіце!

Уражаныя, яны застылі. Потым Арсень адштурхнуў Караліну за дрэвы.

Я ў х і м (Вастравуху). Ты хто такі?

Вастравух. Камандзір атрада паўстанцаў.

Я ў х і м. Маліся... Замольвай апошні грэх.

Падарожны. Які грэх?

Я ў х і м. А ты хто?

Чортаў Бацька. Ды наш... Мужык ад чобатаў да гаворкі... Вандруе...