Кастусь Каліноўскі

КАРЦІНА АДЗІНАЦЦАТАЯ

Абсерваторыя ў Свентаянскіх мурах. Старадаўнія зорныя сферы, бронзавы секстант, тэлескопы. У цёмных кутах таямніча пабліскваюць сімвалы знакаў задыяка. На ўсім пячаць занядбанасці. За вокнамі начны заснежаны дворык Пачобута. Сходы вядуць на падмосткі да двух тэлескопаў у невялічкіх вежах з купаламі. Створкі аднаго купала трошкі рассунутыя, і ў шчыліну відаць зімовае зорнае неба. Вызарыла буйна. На мароз... У абсерваторыі Каліноўскі, Чортаў Бацька і Марцявічус.Пархвен гадуе жмудзіна.

К а с т у сь. Ціха ў цябе. А я за два крокі, а шум.

Марцявічус. Чаму сапраўды ціха?

К а с т у с ь. Былы універсітэт. Мікалай яго закрыў. I абсерваторыя пасля пажару не працуе.

Марцявічус. Такая безліч залаў – і на замку...

Кастусь. То і добра. Табе тут бяспечна, хоць “Бітву” танцуй.

Марцявічус. Не кажы... Быццам людзі вымерлі на зямлі... Нават зоры – непатрэбны... Нібы паўсюль пустыня, адзін я жывы.

К а с т у с ь. Яны гэтага і хочуць, пустыні... Дай ім волю – яны нас назаўжды ад зор адвадзяць.

Паўза.

Маеш рацыю: пустыня... Адвучылі на зоры глядзець... Час такі...

Чортаў Бацька. А будзе іншы час?

К а с т у с ь. Павінен быць.

Марцявічус (лёг на спіну). А я ўсімі начамі гляджу на зоры... Тысячы светаў... Часам гляджу ў тую трубу: Стажары, Батыеў Шлях... А месяц такі васпаваты.

Чортаў Бацька. Ёсць там людзі?

К а с т у с ь. Ніхто не ведае. Можа, і ёсць.

Марцявічус. Цікава, ці так дрэнна яны жывуць, як мы тут, на зямлі.

Кастусь. Напэўна, не. Так дрэнна, як мы, людзі жыць не па

вінны... Караліна нешта спазняецца...

Аднекуль знадворку, як воўчае выццё, чуюцца галасы. Першы да спуду блізка, іншыя – далей і далей. “Слухай! Слухай! Слу-ха-а-й!” Вакол палаца пераклічка.

Вось пачнеш ты храпці, а Мураш пачуе. Ты, Бронюс, не храпі... Баюся за яе...

Марцявічус. Вакол яны, сволачы. Абклалі.

К а с т у с ь. Нічога. Будзе час: яны будуць усярэдзіне, а мы – вакол.

Марцявічус. А пакуль нам як выйсця няма.

К а с т у с ь. Ёсць. (Паказвае на неба.) Гэтага яны ў нас не адбяруць.

Марцявічус. А калі ў падвал?

Кастусь. I над падвалам – неба...

Марцявічус. Чорт ведае, чым людзі займаюцца: стрэлы, шыбеніцы, подласць. А тут... такое дзіва... I ці думаў я, што мой апошні дом будзе такі прыўкрасны, што апынуся сам-насам з небам.

К а с т у с ь. Як то там Вітаўт?

Марцявічус. У такую хвіліну ўсе павінны глядзець на зоры. Пархвен! А ты глядзіш?

Чортаў Бацька. Гляджу. Унь Зорны Воз. Сем зорак – сем кабылак. Адна ажарабілася. Унь ля яе маленечкая зорка. I ўсе кабылкі спакойна стаяць, толькі ўздрыгваюць часамі ад зайздрасці да той... (Глуха.) Як ты, Кастусёк, калі часам на скверы дзяцей бачыш.

К а с т у с ь (амаль груба). Ты змоўч... паэт.

Чортаў Бацька. Гэта вы... паэты... Са зброяй спіцё... Без жонак, без дзяцей, без грошай. Так, за народнае дзякуй.

Марцявічус. Вось прыйдзе светлае заўтра – яно цябе здзівіць.

Чортаў Бацька. Чым?

Марцявічус. А тым, што грошай зусім не будзе.

Чортаў Бацька. I там не будзе? Варта было паўставаць.

Паўза.

А я, каб мне плацілі, усякую работу рабіў бы. Сказаў бы мне той... “Работа, твая, Чортаў Бацька, будзе брахаць. За кожнага абрэханага прахожага – рубель”. Калі ласачка... Сеў бы сабе, як пан, з газеткай ля варот, на траўку, і як толькі нехта пройдзе, то яна яго: “Гаў... Гаў” – і ні разу больш.

К а с т у с ь. Чаму?

Чортаў Бацька. Голас бярог бы. “Гаў” – і рубель. “Гаў” – і рубель.

К а с т у с ь. Гэта, брат, за цябе журналісты робяць. З таго часу, як газеты з’явіліся. Не адбівай чужога хлеба.

Паўза.