Кастусь Каліноўскі

Чортаў Бацька (раптам). Не хачу я гаўкаць. Сорамна нібы тут... перад нечым.

К а с т у с ь. Правільна.

Чортаў Бацька. Во каб у кожнай хаце такія дахі.

Марцявічус. Нашто?

Чортаў Бацька. Нельга сварыцца, калі над табой такое. Не можа быць забойстваў, злосці, несправядлівасці... Ледзь нехта закіпае няправедна – рассунь дах.

Паўза.

К а с т у с ь. Пераможам – узбагацеем – зробім.

Стрэл пракаціўся рэхам у далёкіх завулках.

Чортаў Бацька. Што такое?

К а с т у с ь. Пэўна, вартавому здалося... I чаму не ідзе?

Паўза.

Чортаў Бацька. Кажуць, зорка падае – душа падае.

К а с т у с ь. То што?

Чортаў Бацька. У-у, які гэтай восенню быў зарапад... Падалі, падалі, канца не відно.

Марцявічус. З людзьмі пра такое нельга... Пархвен.

Чортаў Бацька. Ведаю. Гэта я – з вамі.

Паўза.

Марцявічус. I вось я ляжаў і думаў. А зоры кружыліся ў вечным абегу. I праходзілі перада мной пакаленні. У-у, якая далячынь... Што людзі будучага перад намі? Нікога не здзівіць чалавек сярод людзей. А вось чалавек сярод ваўкоў, свіней, гіен – вось што варта здзіўлення. А нараджаецца, жыве чалавекам сярод поскудзі. Значыць, ад прыроды – харошы... А я раней не бачыў неба... як многія...

Уваходзіць Караліна ў футранай шапачцы з вэлюмам.

Караліна. Кастусь.

К а с т у с ь. Нарэшце... Божа мой... У-ух...

Караліна. Вось. Трыццаць два пашпарты для ўцекачоў... У Лібаву іх адразу, на караблі і – шукай іх за мяжой.

К а с т у с ь. Нарэшце.

Караліна. Кастусь, мне трэба пагаварыць сам-насам.

Марцявічус. То я ў дворык выйду... Пад зоры... (Выйшаў.)

Чортаў Бацька адышоў у далёкі кут, за вялізны зорны глобус. Сеў там.

Караліна. Ішла сюды паўз губернатарскі палац... Там некалькі рот пад ружжом. Такія сілы яны выводзяць толькі супраць небяспечных атрадаў.

К а с т у с ь. Даведаемся. Што яшчэ?

Караліна. Трывожна мне. Ты жывеш тут так доўга... Пакінь Вільню... Прашу.

К а с т у с ь. Вільня – сэрца. Мне нельга ад яго.

Караліна. Вазьмі пашпарт.

К а с т у с ь. Не.

Караліна. Чаму?

Кастусь. У мяне – надзейны. Я вазьму, а ў другога не будзе.

Караліна. Цяжка мне... Як душыць мяне ўсё гэта... Вежкі... Знакі...

К а с т у с ь. Супакойся. Я змяню кватэру, хаця гэта – надзейная. Хочаш зараз? Ты не думай, мне трэба берагчы сябе. Дзесятага сакавіка зноў пачнём.

Караліна. Тоя – па рамізніка.

К а с т у с ь. Пачакай... Не ідзі... Тут пераклікаліся... Стрэл быў... За гэты час нібы крывёй сэрца сплыло.

Караліна. І ў мяне за цябе.

К а с т у с ь. Жывём, як на вастрыі маланкі. Вось блісне аб скалу...

Караліна. Цемра для цябе.