Кастусь Каліноўскі

К а с т у с ь. Што я? Я і жыву толькі таму, што для іншых.

Караліна. Толькі?

Кастусь. А для каго яшчэ?

Караліна. Для Яневіч... мяне...

К а с т у с ь. Было б у мяне сто жыццяў – усе аддаў бы вам. Ты дзяўчынкай хадзіла босая?

Караліна. I цяпер хацела б.

К а с т у с ь. То я іх аддаў бы... каб пылок ад кветак асядаў на твае ногі...

Караліна. Сто? Хаця адно жыццё сабе пакінь.

К а с т у с ь. Хіба гэта здрада, калі я ведаю на другім канцы горада, што табе дрэнна? Калі я падумаю – і ты побач? I сілы мае так узрастаюць, што я магу ўсё. I ты ж таксама?

Караліна. Але.

Кастусь. I няхай нехта.палічыць здрадай... I чорт з імі...

Крок. Яшчэ крок у глухой цішыні. Засталося чатыры... тры... два...

Караліна! (Голас яго гучыць так, быццам ён заклінае.) Не думай ні аб чым... Кінь усё... Толькі не адштурхні дзеля нейкіх там меркаванняў, бо я ўжо больш – не магу... (I тут ён кінуўся да яе, абняў і, як непрытомны, як смяртэльна паранены, споўз да яе ног, абняў іх, прынік галавою. Глыбокі, вызвалены, страшны ўздых вырваўся з яго грудзей.)

Ты мне – дождж яснавокі над полем і борам,

Без цябе я ні дыхаць, ні жыць не магу.

Ты мне сонца і зоры,

Ты мне – цёплае мора,

Ты мне ветрык, што з майскай лістотай гаворыць,

Ты мне – зорныя іскры на мурагу.

Караліна. Устань, хлопчык мой. Устань, яркае сонца маё. (Заплюшчыўшы вочы, яна гладзіць яго валасы.) Залатая павуціна. Веі апушчаны... (Глуха.) Слёзы? Ты?!

К а с т у с ь. Стрымаць... не магу... Я пятнаццаць год не плакаў...

Караліна. Рвуцца, як дождж вясной? Бедны...

К а с т у с ь. Буду з табой вельмі верны, вельмі пяшчотны.

Караліна. Ведаю... Нашто ты так мучыўся?.. Нашто, калі няма нічога на свеце, чаго б я не зрабіла, каб табе было светла жыць? Калі ўся твая пакута – вось яна. Знішчы. Адкінь з дарогі... Застанься... Спі ціха...

Паўза.

Нашто, калі ўсё адно ахвяраваць? Учора. Сёння. Заўтра. Заўсёды.

Паўза.

(Глуха.) Ты мне скажы, я к ты мяне любіш... Скажы нарэшце.

К а с т у с ь. Паўсюль – ты. Спявае жаўрук – і гэта твой смех... Стронг б’е ў патоку – і гэта твой гнеў. Вясёлка гарыць у расе – і гэта калі ты смяешся праз слёзы. Уся ты, з усім, стала нада мной – як святло нябёс... як радзіма.

Караліна. Кажы.

Кастусь. Я блытаю вашы імёны. Успомню – радзіма – і прад вачыма т ы на квітнеючым поплаве, т ы спіш у пушчы на сонечнай заечай капусце, ты пад ліпай у мокрай сукенцы, а вакол залатыя завесы дажджу... Ты... ты... ты...

Караліна. Вельмі буду цябе кахаць.

К а с т у с ь. Усё жыццё... як рака, над якой ніколі не бывае сонца. I вось... Мне здаецца, я ўліваюся ў цябе. З усіх пустынь, праз якія я працякаў... Нарэшце... Як рака ў акіян... (Прыціснуў яе да сябе. Вусны сустрэліся ў не вельмі ўмелым, але моцным-моцным, нібы ад адчаю, пацалунку.) Няма дарогі.

Караліна. Не хачу...

Заплюшчыўшы вочы, прыпаўшы адно да аднаго, яны стаяць. Неразлітна. Вызвалена. Адно... Увайшла Я н е в і ч. Спынілася. Да Пархвена, які пахмура круціць пальцам зорны глобус.