Кастусь Каліноўскі

Я н е в і ч. Яны?

Чортаў Бацька. Але...

Я н е в і ч. Матка боска... Дзякуй табе, божа... Ёсць ты на зямлі.

К а с т у с ь. Хто там?

Я н е в і ч. Я... я рада за вас... за сябе...

К а с т у с ь. Калі думаеш, што больш узрадавана, чым я, то памыляешся. (Абхапіў за плечы Яневіч і Караліну, закружыў па пакоі.)

Чортаў Бацька. То, можа, ўжо разам і мяне?

К а с т у с ь. Давай і ты... Дав-вай, стары, любы...

Я н е в і ч. Хлапчына...

Кастусь. А што, грэх? Мне на дзесяць год менш. Мне шаснаццаць. Я кахаю!

Караліна (мякка). Кастусь, любы... Ты не адмовіўся ад думкі пайсці адсюль?

Кастусь. Т ы кажаш. То як я магу?

Я н е в і ч. Кватэра ёсць. На Георгіеўскім. Хадзем па рамізніка, Караліна.

К а с т у с ь. Стой... Ты не знікнеш?

Караліна. Я вярнуся праз гадзіну. I нікуды, ніколі больш не пайду.

Кастусь. I тады я скажу... Я тады ўсё, усё табе скажу. Я к я люблю.

Караліна. I я... я табе скажу потым.

Пайшлі разам з Чортавым Бацькам. Кастусь агледзеўся вакол, глыбока ўздыхнуў і раптам пайшоў па абсерваторыі, вырабляючы нейкія прыгожыя, надзвычай пластычныя рухі. Дарогаю накіраваў секстант у другі бок.

К а с т у с ь. Ты, брат, у той бок глядзець не смей. (Раскруціў глобус.) Круціся, пузан, круціся, як загадана, хутчэй, хутчэй. (Шчасна засмяяўся, кінуўся на рыштаванні і з грукатам шырока рассунуў створкі абодвух купалоў. Бязмежнае неба ўварвалася ў запылены пакой. I чалавек стаў на фоне зор і ўзняў рукі, як крылы.)

Пусціце зоры ў мой пакой шырокі!

Пусці ў пакой сузор’і, чалавек!

Нічога не палохайся. Пад сонцам

Ёсць толькі ты і светлыя сузор’і.

Нічога, акрамя цябе і іх.

Каханне, зорка чыстая, ў глыбінях

Бязмежнага сусвету ты гарыш

Святлом далёкім, цёплым, нездрадлівым.

О колькі год я да цябе ляцеў,

Раскрыліўшы свае слабыя рукі,

I сек сваім мячом мячы камет!

Я знемагаў, я паміраў у муках,

I ты пачула мой апошні крык.

Сама прыйшла, наблізілася, ўпала

Ў маю далонь. I стала ўсім на свеце.

Ўсё – ты. Маё чаканне – гэта ты,

Маё змаганне, і душа, і вочы,

Любоў, нянавісць, вера і сумненне –