Кастусь Каліноўскі

Ўсё гэта ты. I праўда, і дыханне,

I... нават смерць. Нічога не баюся.

Бо космас неўміручы ў гэтым сэрцы,

Бо космас не заб’еш. I я лячу,

Лячу ў сусвет.

Зоры паплылі назад, і чалавечая фігура нібы сапраўды ляціць між іх.

Мінаюць ночы, дні.

Гады мінаюць. Дзе зямное гора?

Дзе кроў, пажары, смерць? Адна свабода

Пануе на зямлі, пабраўшы ў жонкі

Багіню шчасця. I зямныя людзі

Звярнулі вочы да далёкіх зор.

Я вас люблю, браты! Люблю! Люблю!

Лячу ў сусвет. I сотні мангальф’ераў,

I караваны зорных караблёў,

Пад ветразямі сінімі, ў сусвет

Лятуць за мною. Гэта ты, планета

Любові запаветнай? Божа! Божа!

Якое шчасце ўсім, якая мара,

Які гарачы, радасны, вясёлы,

I залацісты, і бязмежны свет!!!

Цяпер у цемры толькі дзве плямы святла: чалавек на фоне зор і скупа асветлены пераход да адной з лесвіц, што вядзе на падмосткі. У ніжняй пляме з’яўляюцца постаці. Гэта капітан з салдатамі. Глухія, неразборлівыя, бы ў студні, гучаць галасы.

К а п і т а н. Акружылі квартал?

С а л д а т. Але.

Цемра і крокі. Кастусь на пляцоўцы чуе іх.

К а с т у с ь. Яна... Вяртаецца. Трэба сустрэць са святлом. (Запальвае свечку.) Якая шчаслівая ноч!

Цемра і крокі. Маленькі, як іскрынка, агеньчык: чалавек ідзе са свечкай. Ціхі голас спявае, вядзе без слоў нейкую ясную і радасную мелодыю, Спускаецца ўніз, робіцца ўсё больш яркім агеньчык свечкі. Цемра маўчыць.

К а п і т а н. Гэй, хто са святлом?

У цемры асвятляецца твар Кастуся.

Кастусь. Я са святлом.

Блік ад ягонай свечкі ўпаў на твар капітана.

К а п і т а н. Ваша прозвішча?

К а с т у с ь (проста). Вітажэнец.

У той жа момант яго схапілі за рукі. Свечка ўпала на прыступкі і пакацілася па іх. Меркне агеньчык. Коціцца свечка. Прыступка... другая... трэцяя... Згасла. Насунуўся змрок.

КАРЦІНА ДВАНАЦЦАТАЯ

Пакой, у якім засядае асобая следчая камісія. Цяпер яна ў поўным складзе: шэсць чалавек. Старшыня, палкоўнік Шалгуноў, гартае справы. Астатнія моўчкі глядзяць у акно, за якім падае снег. Сядзяць па старшынству: ш т а б с - капітан, два паручнікі, обер-аўдытар. Адзін з паручнікаў, у артылерыйскай форме, Г о г е л ь.

Г о г е л ь. Я часам шкадую, пан палкоўнік, што катаванні выйшлі з моды.

Шалгуноў. А тое, што мы робім, – не катаванне?.. Ён не спіць ужо некалькі начэй.

Г о г е л ь. I ён не будзе спаць столькі, колькі спатрэбіцца.

Шалгуноў. Пры такіх метадах людзі гавораць на сябе невядома што.

Г о г е л ь. Гэты? З ягонай закаранеласцю?

Шалгуноў. Добра. Прывядзіце арыштаванага... Было б значна прасцей, каб Парафіяновіч апазнаў, ён ці не ён.