Кастусь Каліноўскі

Г о г е л ь. Парафіяновіч заявіў, што на вочных стаўках н і к о г а апазнаваць у твар не будзе.

Шалгуноў. Баіцца сустрэчы, заяц.

Г о г е л ь. У нас фактычна нічога няма ў руках. Лосеў – спрытняга, але на яго месцы я жыва выбіў бы з Парафіяновіча ўсё, што трэба.

Шалгуноў. На яго месцы вы і ў сто год не дабіліся б прызнання. Маўчыце ўжо...

С а л д а т ы прыводзяць К а с т у с я. Ён змарнеў, але вочы ўсё яшчэ свецяцца ранейшым цёплым агнём.

Вы не надумалі?

Паўза.

Хто вы?

Г о г е л ь. Камісар Літвы...

Кастусь. Я Вітажэнец, настаўнік. Займаўся распрацоўкай матэрыялаў гістарычнага характару. Гэта ўсё.

Г о г е л ь. I гэта ўсё?

К а с т у с ь. Усё.

Шалгуноў. Шоціка сюды.

Салдаты прыводзяць Ігнася Шоціка.

Ігнась Шоцік, сорак год, католік, з казённых сялян Віленскага павета, пяць год як дворнік пры гімназіі. Так?

Ш о ц і к. Какурат так.

Шалгуноў. Ведаеце гэтага чалавека?

Ш о ц і к. Ды я яму... сумяшчальна, значыцца, прыслугоўваў, кватэру прыбіраў. За два рублі штомесяц. Гро-ошы!

Г о г е л ь. Што падазронага заўважылі?

Ш о ц і к (хітруе). Ды яно, як жа ж бо яно і сказаць... Калі б нешта такое, то яно, можа б, і так, а каб гэткае нешта, то яно і дальбог нічога. (Падумаў.) Пан харошы. Добры. Грошы заўсёды наперад плаціў. Я ж кажу, каб нешта тут такое, то дальбог не тое, што паны думаюць.

Вочы Кастуся смяюцца.

Г о г е л ь. Не паяснічай!

Ш о ц і к. Ды ў мяне, пане, паяса і няма. Людзі простыя, матузком абыходзімся.

Г о г е л ь. Што рабіў арыштаваны, мужыцкая морда? Ён што, купіў цябе?

Ш о ц і к. Не. Ён мэблю купляў. У гандляроў-яўрэяў. Ніштаватая мэбля. Купляў вось чалавек, спадзяваўся. А яго замест канапы на турэмны тапчан. Так вось і не ведаеш, дзе цябе па кабаку грукне.

Г о г е л ь. Што рабіў?

Ш о ц і к. Уставалі яны каля дзевяцёх, кушалі чаю ў ахвотку, у сваю насалоду, ды ішлі сабе ў горад. У дванаццаць прыходзілі ды абедалі. Любілі строганага быка. (Хітруе і выкручваецца як можа.)

Шалгуноў. Якога строганага быка?

Ш о ц і к. Ну, мяса такое настраганае. З бульбай. Каровіна мяса. Словам, хаця строганы, але ўсё адно бык.

Г о г е л ь (здагадаўся). Бефстроганаў.

Ш о ц і к. Потым зноў гулялі. У шэсць амаль заўсёды дома. Зноў чай пілі... Дасхочу.

Г о г е л ь. У сваю насалоду?

Ш о ц і к. У сваю, паночак, насалоду. Чай – справа сур’ёзная. Потым зноў ішоў. А ключоў ён мне, галубочкі вы мае, ніколі не пакідаў.

Г о г е л ь (прагна). Чаму?

Ш о ц і к. Мы ж людзі не высакародныя. Ці мала гэта выпадкаў, што дворнікі рабуюць? Унь у нас нават будачнік адзін, проша пана, праходжага абдзёр. Зняў паліто і гадзіннік. Дык нам і бог загадаў.

Г о г е л ь. Або ты здзекуешся са следства, або ты дурань.

Ш о ц і к. А нашто нам разумнымі быць? Мы не паны. Хамуйлы, проша, вароны.

Паўза. Шалгуноў схіліўся да суседа. Шэпча.

Шалгуноў. Нічога, відаць, не зробім.

Г о г е л ь. Т-так...

Паўза.

Я думаю, трэба вочную стаўку з тымі... домаўласнікамі. Памятаеце, затрымалі ўсіх тых, у каго папсуцці ў кнігах домаўласнікаў за сакавік мінулага года?.. Калі Макарэвіч жыў у Вільні.

Ш а л г у н о ў. Лухта. Я яшчэ тады казаў – гэта беззаконне... I тут будзе – без-за-конне.

Г о г е л ь. Але зразумейце, гэта адзін... бадай што адзін шанс... Дазвольце мне.

Шалгуноў. Гм... Колькі затрыманых домаўласнікаў?

Г о г е л ь. Тры... I яшчэ дачка адной домаўласніцы... Бо тая – хворая... Яны – тут.