Кастусь Каліноўскі

Г о г е л ь. Ну хаця б тую. Усё ж жанчына.

Шалгуноў. Каб вы былі ў маім узросце – вы б ведалі, што з жанчынамі цяжэй... Нязмерна... Вядзіце...

Гогель ідзе да дзвярэй, шэпча нешта салдату і вяртаецца на сваё месца.

Г о г е л ь. Слухай, Шоцік. Слухай і паспрабуй толькі падманваць. Гаспадар кватэры Жэброўскі казаў, што бачыў аднойчы, як у кватэру пана прыходзіла дзяўчына.

Ш о ц і к (няўпэўнена). Ды яно... было...

С а л д а т ы прыводзяць М а р ы ю. I тады Гогель рэзка нахіляецца да Шоціка і амаль крычыць.

Г о г е л ь. Гэтая?!

Ш о ц і к. Што?

Го г е л ь. Яна?! Яна, я пытаю, ці не яна? Яна наведвала падследнага?!

Ш о ц і к (заўважае позірк, якім абмяняліся Марыя і Кастусь, і зноў пачынае круціць). Крый божа, пане. Гэтая не хадзіла. Другая хадзіла. Ну, можа, больш, чым некалькі разоў.

Г о г е л ь (да Марыі). Вы ведаеце гэтага чалавека? Вітажэнца?

М а р ы я. Не.

Г о г е л ь. Ну не Вітажэнца, дык Макарэвіча?

М а р ы я. Не.

Г о г е л ь. Глядзіце на яе, Шоцік! Яшчэ раз: яна?!

Ш о ц і к. Не, тая была іншая.

Г о г е л ь. Якая?

Ш о ц і к. Светлая такая. Ці Янінай яе зваць, ці, можа, Марынай... ці... Нешта так.

М а р ы я (сама сабе). Караліна...

Г о г е л ь. Нашто гэтая ваша... “Іна” хадзіла да падследнага?

Шоціку пакутліва шкада пана. Ён муляецца, думаючы, як лепей яго выгарадзіць. Знайшоў, як яму здаецца, выйсце.

Ш о ц і к. Справы.

Г о г е л ь. Па мяцяжу?

Ш о ц і к. Што вы? Якая мяцежніца? Светлая такая дзяўчынка? Дваранка.

Г о г е л ь. То якія справы?

Ш о ц і к (вочы яго неспакойныя). М-м... Справы... маладыя. Маладая, значыцца, справа, вось што. (I натхнёна брэша.) Каханне ў іх было.

Рукі Марыі ўчаплліся ў стол. 3 гэтага моманту глядач павінен глядзець толькі на яе і Кастуся, на маўклівую дуэль іхніх вачэй.

Г о г е л ь. Вы гэта ведаеце ці толькі мяркуеце?

Ш о ц і к. Хто гэта можа ведаць?.. Але ён вельмі ласкавы быў да яе. Мяккі. Мяркую так... Канечне, каханне...

Паўза. I тут Марыя ўстае, занадта прама трымаючыся на нагах.