Кастусь Каліноўскі

М а р ы я. Я ведаю гэтага чалавека. Ён жыў у доме маёй маці пад прозвішчам Макарэвіча. Яго імя – Кастусь Каліноўскі.... Ён...

Г о г е л ь... вярхоўны ваявода Беларусі і Літвы.

Страшная паўза. Потым Шалгуноў гаворыць ціха.

Шалгуноў. Вы не шкадуеце маці?

М а р ы я. Я не шкадую сябе.

Шалгуноў. Ён – мой вораг. Вораг маёй вялікай імперыі, цара, маёй радзімы. Я шчаслівы, што ён тут. Але ці ведаеце вы, што падпісалі яму і вашай маці смяротны прысуд?.. Мая справа падрыхтаваць для яго шыбеніцу. Але як вы маглі дапамагчы мне ў гэтым, нізкая вы жанчына? (Салдатам.) Адвядзіце яе. Такія вартыя толькі нашай святой мужчынскай пагарды... Гaдзіна (Гогелю.) I такія сцервы дастаюцца большасці сапраўдных, чыстых мужчын.

Салдаты вядуць Марыю. Ля дзвярэй яна спынілася.

М а р ы я. Кастусь...

К а с т у с ь. Што табе, жанчына?

М а р ы я. Кастусь... Кастусь. (Нечакана яна падае на калені.) Даруй мне, Кастусь!

К а с т у с ь. Ідзі з богам.

Ш о ц і к (у ярасці). Пабойся бога! Такую гадаўку?!

Шалгуноў. Святы ідыёт.

К а с т у с ь. Ідзі з богам. Каб табе было лягчэй – ведай: я сапраўды любіў, люблю і буду любіць яе да канца. Недалёкага канца. Але я не казаў ёй аб гэтым... Да мінулай ночы... Магчыма, гэта для цябе занадта жорсткая аплявуха. Але з ёю табе будзе лягчэй.

Гэтыя словы як надламілі нешта ў жанчыне. Яна паўзе да яго на каленях.

М а р ы я. Даруй мне, даруй!

Салдаты выводзяць яе. За дзвярыма чуцен немы крык: “Кастусь!” I цішыня.

Шалгуноў. Адвядзіце і гэтага.

Шоціка цягнуць.

Ш о ц і к. Даруйце, пан... Каліноўскі. Я не хацеў.

К а с т у с ь. Жыві шчасліва, Ігнась.

Паўза.

Г о г е л ь (амаль крычыць). Цяпер вы будзеце гаварыць. Іначай я не дам і шэлега за вашу шкуру. Дзе тая дзяўчына?

К а с т у с ь. Як вам не сорамна, паручнік?

Г о г е л ь. Ці не хочаце вы сказаць, што дзейнічалі адзін?

К а с т у с ь. Чаму адзін? У мяне былі сябры. Лянгевіч, Тышка, Стасякевіч, Далеўскі, Серакоўскі... і іншыя.

Г о г е л ь. Менавіта “былі”. Ніводнага з гэтых людзей не засталося ў жывых.

Кастусь (з усмешкай). Для вас у мяне няма жывых сяброў. Я ж сам мёртвы... Ужо дзесяць хвілін. Аб мёртвых я магу напісаць вам усё.

Шалгуноў. Жадаеце пакінуць след? Не дапаможа. Архіў – гэта магіла. Шмат вы ведаеце пра Пугачова?

К а с т у с ь. Скора адкрыюцца ўсе магілы. Нават магілы папер.

Шалгуноў. Я... загадаю даць вам паперу.

К а с т у с ь. Вось і ўсё. Мёртвы аб мёртвых – не больш.

Шалгуноў. Паспрабуйце ўсё ж не стаць мёртвым. Гэта лёгка.

К а с т у с ь. Мяне выхоўвалі ў тых правілах, што грамадзянская адкрытасць з’яўляецца дабрачыннасцю, а шпіёнства апаганьвае чалавека.

Шалгуноў. Я вас... паважаю. Пашкадуйце сябе.

Г о г е л ь. Вы тупы, вузкі артадокс. Фанатык, які лічыць, што ягоныя мужыкі дараслі да парламента са сваімі мазніцамі, нераспрацаванай гаворкай і бруднымі, як каровы, бабамі. Сярод усіх колераў вы адрозніваеце толькі чорны і белы. Пакінь вам зямлю – вы заб’яце і блакітны, і аранжавы...