Кастусь Каліноўскі

К а с т у с ь. Вы дрэнна ведаеце фізіку, паручнік. Каб вы скончылі... хаця чатыры класы гімназіі – вы б ведалі, што ўсю радасць, усю шматкаляровасць свету складае адзін колер, белы. I гэта мы. А вы, чорны колер, вы нават не колер. Вы – проста адсутнасць святла, смярдзючая чорная яма і гразь.

Паўза.

Шалгуноў (ціха). Вы ўяўляеце, чым усё гэта вам пагражае?

К а с т у с ь. Уяўляю.

Шалгуноў (зусім ціха). Трыбуналам.

К а с т у с ь. Ведаю. I мне страшна. Але пачуццё ўласнай годнасці і месца, якое я займаў, не дазваляюць мне рабіць іначай.

КАРЦІНА ТРЫНАЦЦАТАЯ

Цемра. Асветлены толькі невялічкі кавалак сцэны. Гэта камера ў “Дамініканах”. За вокнамі ноч. Куты камеры хаваюдца ў цемры... На ложку сядзіць К а с т у с ь. Ля стала з аркушам паперы ў руцэ стаіць Тызенгаўзен.

Тызенгаўзен. Вы мяне слухаць?

К а с т у с ь. Нашто? Я і так усё ведаю... Барабаньце хутчэй вашу екценню, калі без гэтага нельга, пан загадчык над катамі, і пасля плывіце адсюль. Дальбог, у мяне ёсць больш важныя заняткі, чым сузіраць вашу остзейскую парсуну.

Тызенгаўзен (чытае далей). ...прыгаворвае двараніна Канстанціна Каліноўскага... дваццаці шасці год, за здраду дзяржаве на падставе ваенна-крымінальнага ўстава...

У цемры, у куце, нешта варухнулася. Прамень святла ўпаў на мёртвыя, нібы ў медузы, вочы. Граф М у р а ў ё ў выступіў з цемры і нячутна прысеў на табурэт ля сценкі.

пакараць смяротнай карай – расстраляннем... (Склаў паперу.) Гэта было другога сакавіка падпісана. Дзевятага сёння. Вы словы аб магчымасць абскарджання не схапіць?

К а с т у с ь. Гэта дарэмна. I не мне прасіць даравання ў рознай сволачы.

Мураўёў робіць знак выйсці. Тызенгаўзен паціснуў плячыма, выйшаў. Бразнуў замок. Кастусь не бачыць Мураўёва. Задумаўся. Цішыня. За акном густым вэлюмам пачаў падаць снег.

М у р а ў ё ў (ціха). Падымі свае вочы і слухай мяне.

Кастусь здрыгануўся ад нечаканасці, павярнуўся на голас. Глядзіць.

К а с т у с ь. А-а, вось хто. Другі раз спадобіўся ліцэзрэць.

М у р а ў ё ў. Другі... Князь Мсціслаўскі.

Уся размова, да самага канца, ідзе ціха і спакойна.

Я прыйшоў пагаварыць... Дзіўна, але так.

К а с т у с ь (міжвольна адкінуў прастату і гаворыць цяпер сапраўды як князь). Я слухаю вас, граф.

М у р а ў ё ў. Ці думалі вы, супраць чаго паўстаяце? Ці думалі, што тысячу год кожны разбіваў аб нас галаву? Былі бунты, рэвалюцыі – а мы заставаліся, і зноў аб нас разбівалі галаву. Таму што мы – парадак, дзяржава, таму што за нас вера, забабоны, філасофія, культура. Таму, што за нас – жах. Людзі не могуць жыць свабоднымі сярод руін. Яны ўзрываюць дом, кідаюцца трошкі сярод камення са сваімі добрымі намерамі, а потым будуюць новы, яшчэ горшы. I кожны раз льецца кроў. I гінуць лепшыя, а не горшыя. I пасля кожнага такога эксперымента сярод жывых застаецца больш і больш мярзотнікаў.

Кастусь. Я думаў над гэтым. Чаго вы хочаце?

М у р а ў ё ў. Бачыш муры? Ты можаш з іх выйсці. Зараз. Я хачу гэтага. Ведаеш, каб людзі жылі – трэба, каб лепшыя з лепшых не бунтавалі, а ішлі да паборнікаў парадку і магутнасці айчыны... Я абяцаю вам словам двараніна волю і месца пры мне... Я вам абяцаю. Не Аляксандр – я.

К а с т у с ь. Гэта важыць больш. Ведаю... Чаму прапаноўваеце?

М у р а ў ё ў. Хачу, каб вы сталі членам дзяржаўнага савета ў пяцьдзесят год.

Кастусь. У дваццаць пяць я быў вярхоўны ваявода Беларусі і Літвы.

Мураўёў. А ў дваццаць шэсць можаш не быць нікім.

К а с т у с ь. Ведаю.

Мураўёў. А паслухаеш – можаш жыць, кахаць...

Аблічча Каліноўскага нібы засвяцілася ў змроку.

К а с т у с ь. Кахаць...

М у р а ў ё ў. Так... Бачыш?

За акном густым вэлюмам падае снег.

Гэта падае апошні снег у тваім жыцці. Я памятаю адзін такі, калі я кахаў...

К а с т у с ь (спахмурнеўшы). Гэта забаронены ўдар, граф. Я адкажу такім самым: невядома яшчэ, колькі снегападаў засталося ўбачыць вам.

М у р а ў ё ў. Я пажыў...

К а с т у с ь. Як пажылі?.. I чаму прапаноўваеце гэта м н е?

М у р а ў ё ў. Сынок... Ты не ведаеш. Вакол мяне адны нягоднікі і дурні...

К а с т у с ь. Сімптаматычна.

Мураўёў. У вас блакітная сонечная кроў. Вы – сапраўдны дваранін, рыцар – не тое што гэтыя вырадкі. I вы са сволаччу.

К а с т у с ь. Калі за вас парадак, то чаму сярод вас столькі нягоднікаў? Чаму з пакалення ў пакаленне лепшае – гіне, а ўсё адно ідзе да нас, да “сволачы”?

Паўза.

Я вам скажу, чаму. Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця... на вышыню нашых магіл. З крывёю, са зрывамі на дно прорвы, яно, здыхаючы, паўзе да праўды.

М у р а ў ё ў. Гэта фатальная, жахлівая памылка маладосці. А маладосць праходзіць. Я ведаю гэта... сынок. Ты, магчыма, не ведаеш, які быў я, пакуль не зразумеў.

К а с т у с ь. Вы заўсёды былі такі.