Кастусь Каліноўскі

Я ў х і м. Сляпы... Мужык галадае, мужык памірае. Цар мужыку долю даў. I знайшлася сабачая парода, што супраць загаду цара... Каб прыгон вярнуць, стайні, каб маці ад дзяцей асобна прадавалі... (Узняў сякеру.)

Падарожны (з пагрозай). Стой! Што робіш?! Ты яму жыццё даў, каб адбіраць? Ты, відаць, з дзяцінства такі: тварык бяленькі, ды на вуме мяленька. Яны за цябе воляй, шчасцем, жыццём рызыкуюць... А ты... багаты дужа... Скарбы табе такія кожны дзень пад ногі сыпалі... Зірні яму ў вочы, ты, чакуха драўляная... Могуць быць такія вочы ў гада?..

Паўза.

А р с е н ь. Самасуд. Схопяць.

Караліна. Такога адважнага? Не-е. Хто гэта?

Арсень шэпча ёй на вуха.

Што будзем рабіць?

А р с е н ь. Пачакаем... (Выцягнуў пісталеты і паклаў іх перад сабой на пень.)

Я ў х і м. Ды цябе чаго яшчэ слухаць? Ты хто такі, кіслая шэрсць, каб парады даваць?

Падарожны стаў на пень. Зрывае парык і вусы, адкрываючы вельмі малады твар з гарачымі вачыма. Скідае світку. Пад ёй чамарка, падпяразаная срэбным поясам. За поясам два пісталеты з залатой насечкай, вялізныя, старыя.

Падарожны. Я – вярхоўны ваявода паўстанцаў Гродзенскай губерні, Кастусь Каліноўскі.

Адхіснуўшыся, ахнуў натоўп.

Вастравух. Кастусь... Ты бачыш... Вось як яны... З сякерамі... Доўбнямі... Ловяць паўстанцаў. Аддаюць іх уладам... Нашто мне жыць?.. (Рыданне раздзерла глотку Вастравуха.) Нашто-о, калі я за іх?!

Я ў х і м. Слёзы табе выцерці?

Кастусь. I выцеры. Яны гэтага вартыя, такія слёзы. Табе такімі до-оўга яшчэ не плакаць. Слязьмі крыўды на свой народ... Ах-х, якая ж вы яшчэ цемра, якая слепата, калі – свае! – сваім галовы сячэце!

Гарэліха. Якія яны да халеры свае! Яблыкі з панскага дрэва.

К а с т у с ь. Яны свае, баба. Яны ўпалі са сваёй яблыні і адкаціліся на мужыцкую ніву. Чаму ты пайшоў у лес, Вастравух?

Вастравух. Бацька абразіў маю маці... Ён мяне пракляў, калі я пайшоў у лес. А я не мог не ісці. Бо гэта такія, як мой бацька, запраўляюць у воласці, царкве, судзе, турме. У павеце, губерні, сенаце, на...

К а с т у сь. Стой, Вастравух, далей не трэба... З часам... (Да мужыкоў.) Самі бачыце... Людзей з хворым сумленнем, дзяцей, якія зразумелі падман бацькоў, вы – сякерай. А падман будзе, калі яны не перамогуць. На вас будзе вісець! На дзецях вашых! (Паказаў на маладзіцу, якая гадуе грудзямі дзіця.) Ну вось ты... Сын гэта?

Маладзіца. Сын.

К а с т у с ь. Мужык. Падман чыноўнікаў будзе вісець і над ім. Будзе ён расці, твой сын, Яўхімаў, мой, цароў брат. Будзеш ты яго макам паіць, каб не вякаў, не перашкаджаў жаць чужое поле... Стане хлопчыкам, вучыць трэба. А школа ёсць?

Чортаў Бацька. Раней на стайні была. Цяпер – у воласці. Порткі ў руках трымае.

Кастусь. А ўрад адно скубе з вас падаткі. А між тым не вы для ўрада. Урад для вас. Без вас яны, няробы, з голаду здохнуць.

Маладзіца. Што ж з ім далей будзе, дзядзька?

Кастусь. А далей пачне яго ўрад вучыць, як жыць. Затлуміць галаву, навучыць пляваць на розум, на цябе, маці. А захоча праўды – павязуць туды, дзе бабы бялізну мыюць, а пранікі на неба кладуць. Маці прымусяць забыць, сумленне, свой народ.

Сям-там пачынаюць усхліпваць бабы.

А потым за ўсю працу – крыж струхнелы. I канец.

Караліна. Іншыя – гавораць. Гэты – як душу аддае.

А р с е н ь. I якую душу...

К а с т у с ь. Не. Ён, і я, і ўсе іншыя такія пакляліся апошняй клятвай жыццё аддаць, каб твой сын быў шчаслівы... Ты, Вастравух, жыццё сваё аддаў бы за яго?

Вастравух (проста). Я аддаваў.

К а с т у с ь. Мы ўсе аддаём. Мы часам знемагаем. I я прашу вас, мужыкі Бахарэвічаў, калі не хочаце самі паўставаць – хаця не перашкаджайце, не дапамагайце свайму і нашаму ворагу.

Чортаў Бацька. Што ж мы, за чужой спіною сядзець будзем?

К а с т у с ь. Сядзіце, калі хочаце. Чыноўнікі, каб вы нас не падтрымалі, глядзіш, яшчэ і зямлі вам прырэжуць. Узнагародзяць за дурасць... А колькі мужыкоў ідзе з намі! I тут, і на Магілёўшчыне, і паўсюль. I паўсюль, дзе перамагае іхняя сіла, – у мужыкоў зямля, воля, мова, слава. I няма над імі ніякай улады, акрамя іхняй справядлівасці. Няма ўжо ні чыноўніка, ні пана, ні хама. Ёсць – Людзі.

Яўхіміха падыходзіць да Кастуся.

Яўхіміха. Пакажы вочы. Адкуль жа гэта ты такі адчайны? Ты што, бессмяротны? Маці не шкадуеш?

Кастусь. Я не памятаю маці. Рана памёрла. Няма каго шкадаваць. У мяне, жанчына, адна маці.

Яўхіміха. Хто?

К а с т у с ь. Наша зямля.

Паўза. Яўхім раптам з сілаю ўвагнаў лязо ў пень ля ног Кастуся. Кастусь непарушны. I тут завірылі людзі вакол Вастравуха, вызваляючы яго.

Вастравух. Што ты хацеў перадаць маім хлопцам, Кастусь?

К а с т у с ь. Тое і хацеў. Усуперак кіраўніцтву паўстання – трэба абапірацца на мужыка.

Вастравух. Бачыў? Галовы сякуць.

Кастусь. I няхай. I менавіта таму – ідзі насустрач. Пераконвай. Без іх – канец.

Арсень з Каралінай праціснуліся да Кастуся.

Ты, Арсень?