Кастусь Каліноўскі

Беларусь. Ты маўчы. Ты не кажы нічога, не думай ні аб чым. Ты проста пакладзі мне галаву на калені і паплач... Ну. (Бярэ яго галаву і кладзе на калені, гладзіць валасы.) Супакойся... супакойся... Пакуль ты жывы – я з табою. З усімі лясамі, рэкамі, людзьмі. З небам і вясёлкамі, з начнымі зарніцамі. Спі.

Голас заводзіць калыханку.

Люлі-люлі-люленькі,

Зашумелі лазнякі,

Гнуткія трысцінкі,

Тонкія націнкі.

Спі-і, спі.

Кастусь спіць. Яна гладзіць яго валасы. I раптам, праз калыханку, з вуснаў яе прарываюцца гнеўныя, смутныя, жалобныя словы.

Зямля маўчыць. Яна ў пажары ўся.

Парваліся на ліры сонца струны,

Застрашлівай не даспяваўшы руны

Пра смерць і неўміручасць Кастуся...

(Яна не можа стрымаць сябе. Яна тужыць, яна вяшчае.)

О, мой народ, зачаты для бяссмерця

Так, як і ўсе народы на зямлі.

Мужайся, ў кулаку зацісні сэрца

I рабства ў ім навекі спапялі.

Варухнуўся Кастусь. I тады яна, глушачы словы і рыданні, вядзе калыханку далей.

Над зямлёй-балесніцай

Тонкі чоўнік месяца.

Ў хвалях месячык скакаў,

З плаўняў чоўнік выплываў,

З плаўняў чоўнік выплываў,

Князя ціха калыхаў...

Натаміўся жывучы,

Нахадзіўся уначы,

Столькі стрэл параскідаў,

Столькі нівак заараў.

(I зноў вырваліся глухія словы).

Бо сонца шчасця немінуча ўстане,

Калі яго чакаць і зваць, як мы,

Сярод цямноцця і сярод рыданняў,

Сярод бязлітаснай, як смерць, зімы.

Заснежаная галіна яблыні, вырастаючы, пранікла ў камеру, працягнулася над ложкам, сіняя, зорная ад іскраў. Кастусь застагнаў у сне.

Люлі-люлі-люленькі,

Не шуміце лазнякі,

Божыя націнкі,