Кастусь Каліноўскі

Моцныя трысцінкі...

Яна ўстае і цалуе яго ў лоб. Ён усміхаецца ў сне. Святло цьмянее паўсюль, акрамя сіняга-сіняга ззяння на заснежанай галіне.

Спі... Сярод бязлітаснай, як смерць, зімы...

Спіць Кастусь. Постаць знікла, але недзе вядуць і вядуць напеў калыханкі скрыпкі. Цяпер ужо не змрочна, а з праніклівым, палкім сумам... I вось на галіне ўжо не снег, вось ужо ўся яна ўсыпана, заліта не сінім снегам, а ружова-белай, магутнай квеценню. I над ёю, у празрыстым сяйве, па чарзе з’яўляюцца постаці людзей... Кастусь прыўстае, гледзячы на іх.

Караліна. Бачыш, яблыні цвітуць... Я ніколі не думала, што я так не магу без цябе... Уначы блішчыць раса на пялёстках, як зоры.

К а с т у с ь. То хадзем туды...

Караліна. Я ніяк не магу дацягнуцца, падаць табе руку.

К а с т у сь. Нічога... Усё адно дзякуй. Бо я блытаю імя тваё і радзімы. Бо я працякаў праз пустыні. Бо толькі з табой я паверыў у вясну.

Караліна. Сэрца згарае ад любові... Я не магу без цябе... Каб ты толькі ведаў, я к я не магу без цябе.

К а с т у с ь. Яблыня, яблыня... Абсып яе пялёсткамі... Бяжым, сланечнік... Глядзі, якая цвецень.

Знікае Караліна. З’яўляецца Я н е в і ч.

Я н е в і ч. Я дапамагу вам. Вось месяц-чоўнік дрыжыць ля берага. За ракой зорны сад. Ён чакае. Плывіце. А тых, хто асуджае такіх, як ты, – заўсёды будуць глытаць чорныя воды... Бывай, сынок... А рукі мае сумавалі-такі па тваім сыне... Бывай... Плыві.

На месцы яе Чортаў Б а ц ь к а.

Чортаў Бацька (на твары ягоным слёзы). Я табе такое вясельца выстругаю... хаця... каркадзілаў ганяй. Я, сынок, для цябе – усё. Толькі і святла, разумееш, убачыў, што з табою... Бывай...

Устаў Марцявічус.

Марцявічус. Трымайся, светлы мой... Было б магчыма – я б за цябе... Тым, хто катуе такіх, як ты, ніколі ў вяках не заззяе сонца. Ну вось... Бывай...

Узнік А р с е н ь.

Арсень. Мужчыны маўклівы народ. Але я... вельмі люблю цябе... Сёння дзесятае сакавіка. Пачнём... Бывай... I няхай для ворагаў волі не існуе вялікага жыцця.

Знік. I тут, трохі наводдаль, устала постаць В і т а ў т а.

В і т а ў т. А для... такіх... як я, не існуе вялікай смерці...

Кастусь. I ты тут?

В і т а ў т. I я... Хаця мне гэта ўжо непатрэбна.

К а с т у с ь. Ты памёр?

В і т а ў т. Я ўсё адно што памёр. Я горш чым памёр... Я не прашу “даруй”, не зайздрошчу табе... Я зайздрошчу забітым. Тут над табой стаяў мужык. Яны засталіся вернымі. Яны. Хто б падумаў?.. Калі ты хацеў гэтага – ты перамог...

К а с т у с ь. Як было б добра, каб ты раней гэта зразумеў.

В і т а ў т. Позна... Бывай...

Знік. Караліна ўстае.

Караліна. Вось... Я зноў... Цяпер толькі два словы... Мала часу... Разумееш, гэта для мян е мала часу... Бо ты – вечны. Такіх, як ты, нельга не любіць... Я спяшаюся сказаць. Што сказаць? Ага... Для ўсіх тых жанчын, што калі-небудзь, аж да канца дзён людскіх, будуць з нейкіх там меркаванняў... кроіць сэрца такім, як ты... не жадаць іх адпусціць і баяцца забыць дзеля іх усё... з-за спакою, з-за вартых жалю даброт... – для ўсіх тых жанчын ніколі не будуць цвісці яблыні... Гэта мой праклён. Праклён сапраўднай жанчыны, якая... стала ўдавою, не пабачыўшы жаніха...